Фірму Мікалая Аўтуховіча пазбавілі ліцэнзіі. Віталь Рымашэўскі: неабходна салідарная падтрымка ўсіх партый

18 мая 2016 13:49  |  Галоўныя навіны

Фірму Мікалая Аўтуховіча пазбавілі ліцэнзіі. Віталь Рымашэўскі: неабходна салідарная падтрымка ўсіх партый

Пазбаўленне ліцэнзіі фірмы Мікалая Аўтуховіча з’яўляецца ні чым іншым, як фактам палітычнага пераследу дэмакратаў Беларусі. Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

“Неаднаразова ўлады і персанальна Лукашэнка пагражалі прадпрымальнікам турмой, калі тыя будуць займацца палітыкай. І тое, што фірму Мікалая Аўтуховіча пазбавілі ліцэнзіі за яго палітычную пазіцыю, абсалютна відавочна. Ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму беларусы пазбаўленыя магчымасці абараніць свае правы, больш за 20 гадоў не маюць абранай улады і незалежных судоў”, – сказаў ён.

Паводле яго, гэты факт падкрэслівае, што без свабодных і справядлівых выбараў немагчымыя істотныя рэформы ні ў эканамічнай, ні ў іншых сферах. “Ад рэжыму сёння пакутуюць не толькі палітычна актыўныя прадпрымальнікі, але і па сутнасці ўвесь беларускі бізнэс. І ціск будзе працягвацца, пакуль грамадства краіны не стане больш салідарным. Перад беларусамі сёння стаіць пытанне не проста абароны палітычных свабод, а абарона права на чалавечае існаванне для кожнага беларуса. Я заклікаю ўсе палітычныя партыі салідарна выступіць у падтрымку Мікалая Аўтуховіча і прызнаць факт пазбаўлення ліцэнзіі палітычным злачынствам”, – дадаў сустаршыня БХД.

Болей навін