Для затрыманых у Жодзіне актывістаў адмовіліся прыняць ваду і ежу
У ізалятары часовага ўтрыманьня ў Жодзіне працягваюць знаходзіцца актывісты, якіх затрымалі 21 траўня на мясцовым рынку падчас мітынгу салідарнасьці з прадпрымальнікамі.
Паводле сустаршыні БХД Паўла Севярынца, у турме трымаюць прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Алеся Макаева, актывіста БХД Паўла Пракаповіча, гомельскага прадпрымальніка Міхала Латышава і актывіста «Маладога фронту» Паўла Старавойтава. Пра ўмовы іх утрыманьня нічога невядома.
«Учора вызвалілі толькі Алеся Абрамовіча, бо ён інвалід. А калі ён спрабаваў перадаць хлопцам у ізалятар ваду і ежу, дык міліцыянты адмовіліся прымаць, сказалі прыходзіць у панядзелак, бо пакуль”няма начальства”. Мяркую, суды над затрыманымі пачнуцца ў панядзелак, у Жодзіна. Судзіць будуць 6 чалавек, яшчэ Івана Помаза і Алеся Абрамовіча, на якіх таксама склалі пратаколы», — паведаміў карэспандэнту Свабоды Павал Севярынец.
21 траўня аргкамітэт прафсаюзу «Салідарнасьць» зладзіў на рынку ў Жодзіна мітынг салідарнасьці з прадпрымальнікамі, якія пратэстуюць супроць 222 указу Аляксандра Лукашэнкі. Паводле сьведак, акцыя доўжылася каля 40 хвілін. Пасьля мітынгу, які міліцыя здымала на відэа, актывісты пачалі хадзіць па рынку і раздаваць людзям агітацыйныя матэрыялы. Тады паступіў загад, і ўсіх актывістаў затрымалі.
«Гэтак у Беларусі нараджаецца наша «Салідарнасьць», — мяркуе актывіст апазыцыі Павал Севярынец.