Віцебскія ўлады пагадзіліся стварыць камісію, каб апытаць пра расстрэлы жыхароў Хайсоў
24 траўня сябры ініцыятывы “Хайсы”, у якую ўваходзяць прадстаўнікі розных партый, у тым ліку і БХД, сустрэліся па калектыўнай заяве з прадстаўнікамі Віцебскага райвыканкама: намеснікам старшыні Ксеніяй Карабач і спецыялістам Тарасавай Ірынай – у Мазалаўскім сельскім выканкаме, да якога адносіцца тэрыторыя лесу, дзе знойдзены шматлікія чалавечыя парэшткі.
Работнікі райвыканкаму настойвалі на тым, што гэтыя парэшткі невядома з якога часу і невядома чые. Маўляў, яны звярталіся ў Акадэмію навук, з якой прыйшоў адказ, што доказаў аб расстрэле мірных грамадзян НКУСаўцамі пад вёскай Хайсы падчас сталінскіх рэпрэсій няма, а як няма доказаў, то гэтыя парэшткі так і будуць ляжаць на тэрыторыі сельсавета. Пры гэтым яны не адказалі, дзе і якім чынам яны захоўваюцца.
Парэшткі Мазалаўскаму сельсавету перадаў Следчы камітэт пасля таго, як па патрабаванні грамадскасці ў лесе пад Хайсамі праводзіў раскопкі 52-гі пашуковы батальон. Былі знойдзены парэшткі каля 200 людзей, шматкі адзення і абутку, кулі і гільзы ад кольтаў, якімі карысталіся менавіта НКУСаўцы ў той час. Але на падставе кавалка нямецкага шынялю камандзір батальона Тамілін зрабіў выснову, што гэтыя парэшткі часоў ВАВ. Сябры ініцыятывы настойваюць, каб парэшткі былі ўрачыста перазахаваныя, каб на месцы масавага расстрэлу мірных грамадзянаў усталявалі помнік ахвярам.
На гэта работнікі Віцебскага райвыканкаму патрабавалі, каб былі прад’яўлены сведчанні родных расстраляных, іх заявы. “Быццам жывуць гэтыя людзі зусім у іншай краіне, быццам не ведаюць, што ніхто з родных мільёнаў расстраляных у часы рэпрэсій ніколі не даведаецца, дзе яны палеглі”, – адзначае каардынатар аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласці Таццяна Севярынец.
Разам з тым прадстаўнікі райвыканкаму пагадзіліся стварыць камісію, якая паразмаўляе з жыхарамі вёскі Хайсы, але адмовіліся ўключыць у яе сябраў ініцыятывы.
Па словах Таццяны Севярынец, мясцовыя жыхары кажуць, што і поле каля Хайсоў, і лес таксама хаваюць у сябе ў сябе жудасныя сведчанні злачынства сталінскіх апрычнікаў.