Адміністрацыя віцебскай паліклінікі ўразілася аб’ёмам працы кампаніі “За якасную медыцыну для ўсіх”
9 чэрвеня ў паліклініцы №3 Віцебска адбылася сустрэча каардынатара аргкамітэту “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” і ініцыятывы “За якасную медыцыну для ўсіх” Таццяны Севярынец, актывіста кампаніі Валерыя Спаткая з адміністрацыяй паліклінікі на чале з галоўным урачом Людмілай Новікавай.
“Падчас размовы адміністрацыя паліклінікі ўразілася аб’ёмам працы, якую правяла ініцыятыва за 2 гады, дасягненнямі, веданнем праблем медыцыны не толькі горада, але і краіны”, – адзначыла Таццяна Севярынец.
Паводле яе, былі закранутыя і праблемы канкрэтна гэтай паліклінікі і адміністрацыя пагадзілася, што яны ёсць і іх трэба вырашаць. “Напрыканцы сустрэчы нам падзякавалі і асцярожна дадалі: маўляў, вы ж, Таццяна Яўгенаўна, лякуецеся ў нас, дык прыходзьце наўпрост, калі ёсць якія пытанні. Прыйшлося запэўніць, што мы ўздымаем праблему якасці медыцынскага абслугоўвання не асабіста для сябе, а для ўсіх”, – паведаміла каардынатар БХД.