У Магілёве пакаралі чыноўніка, які сказаў, што грошы на пандус для жанчыны-інваліда ёсць (фота)
Вось ужо год Маладыя хрысціянскія дэмакратыі Магілёва дапамагаюць жанчыне з абмежаванымі магчымасцямі, якая мае патрэбу ва ўстаноўцы пандуса на лесвічным пралёце ад уваходу ў пад’езд да пляцоўкі 1 паверха, дамагчыся ад уладаў дапамогі ў яго ўсталёўцы.
У перадапошнім адказе з гарвыканкама ўказваліся варыянты, з дапамогай якіх можна знайсці грошы на вырашэнне дадзенай праблемы, у тым ліку апошнім радком прапісана, што бюджэтныя сродкі на выкананне работ па ўстаноўцы пандуса прадугледжаныя. Але па заканчэнні некалькіх месяцаў стала ясна, што ніякіх дзеянняў ад мясцовых улад не будзе. На апошні запыт з мэтай высветліць, чаму пандус не ўстаноўлены, быў атрыманы дзіўны па сваёй сутнасці, але зусім не арыгінальны адказ, распавёў каардынатар МХД Андрэй Бодзілеў.
Згодна з адказам з Магілёўскага гарвыканкама, сродкі на будаўніцтва пандуса прадугледжаныя не былі, а «службовая асоба, якая рыхтавала адказ на зварот грамадзян названага дома, у якім была інфармацыя пра тое, што бюджэтныя сродкі на будаўніцтва пандуса прадугледжаны, прыцягнута да адказнасці».
“Не здзіўляюся ўжо супярэчнасці дзяржчыноўнікаў самім сабе. Не здзіўлены таму, што ў адказе гаворыцца пра прыцягненне да адказнасці асобы, якая ў папярэднім адказе зрабіла “памылку”, сказаўшы праўду аб тым, што бюджэтныя сродкі на вырашэнне праблемы маюцца. Цынізм і абыякавасць да законаў і чалавека – звычайная справа на сённяшні дзень у нашай дзяржаве”, – адзначыў каардынатар МХД.