Адбылося паседжанне камітэта “Свабоду Эдуарду Пальчысу!”

14 чэрвеня 2016 14:01  |  Галоўныя навіны

Адбылося паседжанне камітэта “Свабоду Эдуарду Пальчысу!”

Увечары, 13 чэрвеня, у менскай сядзібе партыі БНФ адбылося пасяджэнне камітэту “Свабоду Эдуарду Пальчысу!”. 25-гадовы ўраджэнец Ліды – стваральнік і аўтар рэсурсу 1863х.сом, які выступаў пад псеўданімам Джон Сільвер. 26 траўня Пальчыс быў экстрадзіраваны з Расеі ў Беларусь. А пры канцы мінулага тыдня пераведзены з СІЗА № 1 на Валадарскага ў следчы ізалятар у Жодзіне. Пры гэтым да яго пакуль так і не дапушчаны адвакат.

Віталь Сямашка пагутарыў з заснавальнікам камітэта, палітыкам Паўлам Севярынцам.

РР: Я чуў, што лідскія бацькі Пальчыса баяцца даваць інтэрв’ю і адмаўляюцца ад галоснасці, не разумеючы, што толькі яна можа выратаваць.

Павел Севярынец: На жаль, так. Я размаўляў праз тэлефон з жонкай. Даволі доўга. Яна таксама супраць галоснасці. Аргументы такія, што ён так прасіў. Але я не выключаю, што праз адваката спецслужбы неяк працуюць са сваякімі, можа застрашваюць. Тут проста трэба ўсім разумець, калі будзем сядзець ціха, будуць гнаіць, нішчыць у турмах. Калі ёсць агалоска, ёсць шанец на тое, што людзі выйдуць раней, і на тое, што іх не будуць так моцна прэсаваць. Жодзінская турма вельмі кепская. Хто там быў, ведаюць, што “Чорны бусел” – цяжкае месца. Таму, канешне, пераводзяць яго туды невыпадкова.

Як мы будзем дзейнічаць? Першае, гэта інфармацыя. Праваабаронцы пакуль не гавораць пра Пальчыса як пра палітвязня. Ім трэба ўбачыць матэрыялы крамінальнай справы, на аснове чаго яго прыцягваюць да крымінальнай адказнасці. А ўзбуджана ажно тры крымінальныя справы. Першая з іх – так званае распальванне міжнацыянальнай варожасці. Другая – быццам бы за парнаграфію. Трэцяя – за парушэнне падпіскі. Усе тры, на мой погляд, сфабрыкаваныя. Адначасова, магчыма, яго лёс з’яўляецца разменнай манетай у якіх-небудзь беларуска-расейскіх перамовах.

Асноўны ўпор трэба зрабіць на тое, каб праваабаронцы і еўрапейскія палітыкі вызналі Эдуарда палітвязнем. Калі гэта будзе дасягнута, тады да выбараў, я думаю, ёсць усе шансы ў Эдуарда выйсці. Калі гэтага не будзе, хутчэй за ўсё хлопец будзе сядзець. І другое, вядомыя беларусы маглі б паручыцца за Пальчыса і перадаць следчаму хадаўніцтвы аб змяненні меры стрымання, каб яго маглі адпусціць пад падпіску аб нявыездзе.

Эдуарду Пальчысу пагражае пазбаўленне волі да 5 год. Тым часам ягоны інтэрнэт-рэсурс працягвае дзейнічаць.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Болей навін