Сёння ў Маладзечне апошняе судовае паседжанне па справе Алесі Садоўскай
17 чэрвеня ў 11.00 у Маладзечне адбудзецца апошняе судовае паседжанне па справе Алесі Садоўскай.
Разгляд справы адбудзецца ў будынку Маладзечненскага РУУС па адрасе: г. Маладзечна, вул. Галіцкага, 23.
Прысуд абвесціць суддзя Павел Жачко, які нядаўна выносіў прысуды дэмакратычным актывістам, у тым ліку – 7 сутак арышту Паўлу Сяргею.
Алеся Садоўская – маладая трыццацігадовая дзяўчына, сірата з 12 год, маці-адзіночка з Маладзечна, якая за апошнія тры з паловай гады прайшла праз нечалавечыя выпрабаванні.
У навагоднюю ноч, 1 студзеня 2013, Алеся Садоўская была жорстка збіта міліцыянтамі і падвергнулася катаванням у Маладзечненскім РУУСе, доказам чаму былі патрапіўшыя ў СМІ відэазапісы з камераў назірання.
Нягледзячы на неабвяргальныя доказы, што супрацоўнікі РУУС перавысілі свае службовыя паўнамоцтвы, здзейснілі злачынства, таму трэба прыняць у іх дачыненні меры пакарання, на справе ўсё абярнулася супраць самой пацярпелай. Пасля спробы падаць скаргу ў Следчы камітэт на незаконныя дзеянні міліцыі, супраць Алесі Садоўскай распачалі крымінальную справу і прызначылі прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.
Спроба дамагчыся справядлівасці ператварылася ў зацяжную вайну Алесі супраць усёй маладзечненскай улады – ад міліцыі і Следчага камітэту да Маладзечненскага райвыканкаму. Непаўнагадовую дачку Алесі Кацярыну адабралі, а саму маці неаднаразова змяшчалі ў Навінкі. У пачатку 2016 года супраць Алесі здзейснілі правакацыю ў Маладзечненскім райвыканкаме, сфабрыкавалі справу, і цяпер ёй пагражае да некалькіх год пазбаўлення волі.
“Суды па яе справе праходзяць у тым жа будынку, дзе ў студзені 2013 года з яе здзекаваліся міліцыянты. Абвесціўшы вар’яткай, на судовыя паседжанні яе прыводзяць на ланцугу. Алеся мужна трымаецца падчас судовых паседжанняў і нават актыўна выказваецца ў сваю абарону, але слёзы раз пораз прабягаюць па яе твары. Заўтра на месцы Алесі Садоўскай можа апынуцца любы з нас, але падтрымаць Алесю падчас судовых паседжанняў звычайна прыязджаюць некалькі чалавек. Але можа так і трэба”, – заяўляе каардынатар БХД па Мінскай вобласці Павел Пракаповіч.