Дэмакратычныя сілы патрабуюць абараніць Аляксея Мілюкова ад прававога бязмежжа
Дэмакратычныя сілы Беларусі на стала дзейснай нарадзе прынялі заяву ў абарону Аляксея Мілюкова-Жалнова, сына вядомага незалежнага блогера, які адбывае пакаранне на “хіміі” і якому ўлады інкрымінуюць парушэнне рэжыму адбывання пакарання, каб на тры гады пазбавіць волю.
З заявай у яго падтрымку выступілі, у прыватнасці, Генадзь Фядыніч, Ірына Вештард, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Уладзімір Някляеў, Мікола Статкевіч, Аляксандр Бухвостаў, Вячаслаў Сіўчык і іншыя.
“У Беларусі сістэма пакарання засталася ў спадчыну ад савецкіх часоў і з’яўляецца тэрыторыяй прававога бязмежжа, псіхалагічнага ціску і фізічнага катавання для дзясяткаў тысяч асуджаных беларусаў. І гэта не ўлічваючы залежнасці беларускай судовай сістэмы, калі многія людзі кінутыя за краты незаконна. Я ўпэўнены, што прычынай зняволення Аляксея Мілюкова стаўся палітычны ціск на яго бацьку. Сёння яго пераследуюць толькі за тое, што ён патрабаваў справядлівай аплаты сваёй працы. Самыя фармулёўкі парушэння рэжыму такія, як неналежным чынам запраўлены ложак альбо пакінуты ў пакоі на падзарадцы мабільны тэлефон, гучаць проста здзекліва”, – адзначыў у каментары прэс-службе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.
“За неналежным чынам запраўлены ложак у Беларусі, краіне ў цэнтры Еўропы, чалавека могуць на тры гады кінуць за краты. Гэта пераўзыходзіць разуменне здаровага сэнсу. Бесчалавечнасць беларускай улады асабліва праяўляецца ў месцах зняволення”, – падкрэсліў ён.
“Мы заклікаем абараніць Аляксея Мілюкова, заклікаем праваабарончыя арганізацыі і міжнародную супольнасць звярнуць увагу на тое, што робіцца ў беларускай сістэме пакарання. Трэба дамагацца, каб у беларускіх вязніцах не катавалі, не забівалі і не даводзілі да самагубства людзей. Таксама заклікаем неабыякавых грамадзян Беларусі падтрымаць Аляксея Мілюкова і выступаць у яго абарону”, – дадаў сустаршыня БХД.