БХД рыхтуецца да 100-годдзя: за два дні – 14 гарадоў, мястэчак і вёсак (фота)
Кіраўніцтва БХД – сустаршыня Павел Севярынец, кіраўнік Гарадзенскай абласной рады Мікола Баўсюк і сябра Нацыянальнай Рады БХД Анатоль Астапенка – 18 і 19 чэрвеня наведалі 14 гарадоў, мястэчак і вёсак у Смаргонскім і Ашмянскім раёнах Гарадзеншчыны.
Менавіта гэтая частка гістарычнай Віленшчыны – сапраўднае гняздо БХД: тут радзіма альбо месца служэння прынамсі 15 з 40 вядучых дзеячаў БХД 1920-40-х гадоў.
Дэлегацыя БХД наведала Арляняты ( месца нараджэння і сымбалічная магіла Адама Станкевіча).
У Копцевічах, родавай вёсцы Дасюкевічаў, адшукалі пляменніка Адама Дасюкевіча.
У Карандах, адкуль ксёндз Адам Лісоўскі, знайшлі унучатых пляменнікаў Лісоўскага і месца ягонай хаты.
У Барунах наведалі касцёл, дзе служылі ксяндзы-беларусы і школу, дзе вучыўся Станкевіч.
У Гальшанах размаўлялі адносна ушанавання памяці айца Язэпа Германовіча і ксяндза Яна Вярсоцкага.
У Навасядах вызначылі месца нараджэння Аляксандра Астрамовіча (Андрэя Зязюлі).
У Ашмянах перадалі зацікаўленым людзям матар’ялы пра ксяндзоў, што вучыліся ў тутэйшай школе ды вучэльні.
У Мураванай Ашмянцы сустрэліся з сябрамі БХД і дамовіліся наконт вечарыны па ўшанаванні.
У Крэве наведалі касцёл, дзе служыў першую імшу ксёндз Адам Станкевіч – і перадалі матар’ялы тутэйшаму краязнаўцу.
У Шутавічах знайшлі сваякоў ксяндза Віктара Шутовіча і сябра ЦК БХД Янкі Шутовіча, а таксама дом, дзе абодва жылі.
У Наваспасску адведалі сядзібу Міхася Арэшкава, у 1990-92 гг сустаршыню БХДЗ, які аднаўляў хрысціянскую дэмакратыю ў Беларусі ў 1990-х.
У Смаргоні ўдзельнічалі ў святочным набажэнстве і сустрэліся з сябрамі ды прыхільнікамі БХД у справе ўшанавання памяці дзеячаў 1920-40х гадоў.
У Кушлянах пабывалі на сядзібе Казіміра Шафнагеля, аднаго з лідараў “Хрысціянскай Злучнасці”.
У Жодзішках наведалі касцёл, дзе служыў ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, магілу генерала ордэну марыянаў і сябра БХДЗ Андрэя Цікоты , і сустрэліся з краязнаўцам.
На фота:
1. З пляменнікам Адама Дасюкевіча Валянцінам Дасюкевічам у Копцевічах
2. Касцёл у Барунах, дзе вучыўся Адам Станкевіч
3. Дом Шутовічаў, дзе жылі ксёндз Віктар Шутовіч і сябра ЦК БХД Ян Шутовіч
4. Каля дома Шутовічаў