Мінпрацы: беларусы згодныя, каб іх пенсіі былі ў 5 разоў меншыя, чым у Батуры

24 чэрвеня 2016 17:17  |  Галоўныя навіны

Мінпрацы: беларусы згодныя, каб іх пенсіі былі ў 5 разоў меншыя, чым у Батуры

Беларускія хрысціянскія дэмакраты атрымалі адказ з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на калектыўны зварот больш чым 1000 грамадзян. Адказ падпісаў намеснік міністра Валерый Кавалькоў.

У звароце прапаноўвалася ўнесцi ў Закон «Аб пенсійным забеспячэнні» паняцце «страхавога стажу», які б уключаў перыяды праходжання ваеннай і альтэрнатыўнай службы; атрымання дапамогі па абавязковым сацстрахаванні падчас часовай непрацаздольнасці; дагляду аднаго з бацькоў за кожным дзіцем да дасягнення ім узросту трох гадоў; атрымання дапамогі па беспрацоўі; утрымання пад вартай асоб, неабгрунтавана прыцягнутых да крымінальнай адказнасці, неабгрунтавана рэпрэсаваных і пасля рэабілітаваных, і перыяд адбыцця пакарання гэтымі асобамі ў месцах пазбаўлення волі і ссылцы; дагляду, ажыццяўляецца працаздольнай асобай за інвалідам I групы, дзіцяці-інваліда або за асобай, якая дасягнула ўзросту 80 гадоў.

Таксама прапаноўвалася пачаць з дапамогай дзяржаўных СМІ кампанію па абмеркаванні у грамадстве розных прапаноў па рэфармаванні пенсійнай сістэмы, забяспечыць аднолькавы ўзровень працоўных пенсій для ўсіх катэгорый грамадзян незалежна ад іх былога сацыяльнага статусу, стварыць назапашвальны (страхавы) пенсійны фонд, адкрыць у ім страхавыя індывідуальныя рахункі для кожнага грамадзяніна і перадаць ў яго не менш за 25% акцый дзяржпрадпрыемстваў і 25% сродкаў ад прыватызацыі, дзяржмаёмасці і інвеставаць гэтыя сродкі ў прыбытковыя прадпрыемствы. Апроч таго, падпісанты выступалі за тое, каб вярнуць агульны ўзрост выхаду на пенсію для мужчын – 60 гадоў.

Але ў адказе паведамляецца, што перыяды дзейнасці (напрыклад, ваеннай службы, дагляду, атрымання дапамог), калі выплата страхавых узносаў не рабілася, не могуць залічвацца ў страхавы стаж, а ў СМІ шырока, адкрыта і даступна для кожнага абмяркоўваюцца пытанні, якія тычацца пенсійнай сістэмы і шляхоў яе ўдасканалення.

Пры гэтым, заяўляюць у Міністэрстве, “усталяванне аднолькавага ўзроўню працоўных пенсій (роўных пенсій) пераважнай большасцю грамадзян не падтрымліваецца”. Пенсійныя ж назапашванні плануецца развіваць выключана на добраахвотнай аснове, а павышэнне пенсійнага ўзросту робіцца “з улікам дэмаграфічных трэндаў, сацыяльных аспектаў, а таксама патрэбаў у дадатковых сродках на фінансаванне пенсій старэе насельніцтва”.

“З улікам выкладзенага, прапанаваныя ў калектыўным звароце крокі па рэформе пенсійнай сістэмы не падтрымліваюцца”, – адзначыў Валерый Кавалькоў.

«Адказ намесніка міністра працы на калектыўны зварот больш за 1000 грамадзян – гэта не адказ, а цырк. Мы прапанавалі з дапамогай дзяржаўных СМІ пачаць кампанію па абмеркванні прапаноў па рэфармаванні пенсійнай сістэмы. У развітых краінах такія рашэнні, як павышэнне пенсійнага ўзросту не прымае адзінаасобна прэзідэнт, яны абмяркоўваюцца ў грамадстве не адзін год. А нам міністэрства адказвае, што дыскусія адкрыта для кожнага”, – адзначыла лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова.

Паводле яе, чыноўнікі жывуць у нейкай іншай Беларусі. “У іх там і доступ у СМІ і 36 000 працоўных месцаў, як мне сказаў намміністра працы на прыёме, і беспрацоўе 0,8 %. Яны пішуць пра негатыўны досвед іншых краін і не кажуць пра паспяховы. Ды яны яшчэ і хлусяць у сваіх адказах. Пішуць, што ім прыходзяць звароты аб тым, што людзі згодны атрымліваць пенсію ў 5 разоў менш чым напрыклад у Батуры – былога кіраўніка Мінскай і Магілёўскай абласцей, які атрымлівае 15 млн рублёў. Пасля такіх адказаў відавочна, што свайго плану па рэфармаванні пенсійнай сістэмы ў чыноўнікаў няма. Яны не думаюць, як павысіць пенсіі простым грамадзянам, якія адпрацавалі на гэту краіну. Яны думаюць, як захаваць высокі узровень пенсіі чыноўнікам за кошт павышэння і павышэння пенсійнага ўзросту. І такую ўладу трэба мяняць”, – падкрэсліла кіраўнік ХДР.

Болей навін