Улады Магілёва абяцаюць МХД адрамантаваць частку дарог у горадзе
Маладыя хрысціянскія дэмакраты Магілёва атрымалі адказ на зварот з прапановай адрамантаваць дарогі ў адным з раёнаў горада.
Паводле адказу за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Сяргея Дзядовіча, асфальтабетоннае пакрыццё ў раёне дома № 176 па вуліцы Крупскай знаходзіцца ў тэхнічна спраўным стане. Тое ж самае і з дваровым праездам жылога дома №4 па вуліцы Крывуліна.
Разам з тым улады прызналі, што асфальтабетоннае пакрыццё праезду ў тарцы названага дома па кірунку да завулка 2-га Кар’ернага мае дэфекты і паабяцалі пры фарміраванні комплекснага Плана добраўпарадкавання Магілёва на 2017 год разгледзець пытанне аб уключэнні ў яго работ па рамонце асфальтабетоннага пакрыцця ў тарцы жылога дома №4 па вуліцы Крывуліна.
Таксама ў Магілёўскім гарвыканкаме прызналі, што завулак 2-і Кар’ерны (пад’язная дарога да паліклінікі № 10), праезная частка вуліцы Крывуліна на ўчастку ад дома № 6 да павароту да жылых дамоў №№ 8, 8ж, а таксама праезд ад Крывуліна ў бок дамоў 8,8ж (уздоўж крамы «Еўраопт») маюць асфальтабетоннае пакрыццё, якое патрабуе бягучага рамонту. Па словах Сяргея Дзядовіча, бягучы рамонт названых участкаў плануецца выканаць у трэцім квартале 2016 года.
Гарадскія ўлады таксама адзначылі, што «ў вясновы перыяд бягучага года МГКУ дарожнамаставым прадпрыемствам рабіліся працы па ліквідацыі крытычных дэфектаў асфальтабетоннага пакрыцця праезнай часткі в. Крывуліна».
“Цяпер мы накіравалі яшчэ адзін зварот, у сувязі з тым, што большая частка адказу чыноўнікаў – стандартная адпіска. Я не ведаю, у якой частцы раёна вясной праводзіўся рамонт, але дакладна не там, дзе было пазначана. Я разумею, што цяпер у Магілёве праводзіцца рэканструкцыя моста, але гэта не азначае, што трэба чакаць, пакуль ад астатніх дарог застануцца толькі ўспаміны”, – сказаў лідар МХД Магілёва Андрэй Бодзілеў.