Кансерватыўныя каштоўнасці ў сучаснай палітыцы

05 ліпеня 2016 11:13  |  Палітыка

Кансерватыўныя каштоўнасці ў сучаснай палітыцы

Папулізм пашырае ўплыў у Еўропе на фоне праблем з эміграцыяй, эканамічнымі праблемамі, тэрарызмам і ростам раз’яднанасці. Пра гэта 30 чэрвеня на канферэнцыі “Кансерватыўныя каштоўнасці ў сучаснай палітыцы” ў Мінску заявіў Антоніё Лопэс Істурыс, дэпутат Еўрапарламенту, генеральны сакратар Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП), якая аб’ядноўвае еўрапейскія хрысціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя партыі.

“Мы хочам супрацьстаяць папулізму дэмакратычна. Упершыню за апошнія 2000 гадоў гісторыі Еўропы мы будзем пераадольваць крызіс, не забіваючы адзін аднаго. Але людзі не ўспрымаюць важнасці гэтага. Заходнія еўрапейцы доўгі час пасля Другой сусветнай вайны жылі ва ўмовах, калі была дэмакратыя, свабода. І многія забыліся, што значыць змагацца за вольнасць і свабоду. Але ЕНП не забылася”, — сказаў палітык, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.

Ён падкрэсліў, што ЕНП была ў авангардзе стварэння Еўрасаюзу. “Шуман, Гасперы, Адэнаўэр – усе прадстаўлялі Еўрапейскую народную партыю. І цяпер у крызіс зноў у руках ЕНП змяняць гісторыю”, — заявіў Лопес, адзначыўшы, што ў сітуацыі выхаду Вялікабрытаніі з ЕС яго думкі з тымі брытанцамі, якія хочуць застацца ў ЕС.

Паводле яго, галоўнае наступства Брэксіту заключаецца ў тым, што рэшта з 27 краін-сябраў ЕС будзе больш аб’яднаная чым было раней. Для Вялікабрытаніі ён жа назваў вынікам рэферэндуму аб выхадзе з ЕС сацыяльны, палітычны і эканамічны хаос, жаданне атрымаць незалежнасць Шатландыі і Паўночнай Ірландыіі. “Гэта вынік перамогі папулістаў. Другая краіна, дзе перамаглі папулісты, — Грэцыя. Цыпрас абяцаў выправіць сітуацыю, успрымаўся як Другое Прышэсце, але стала яшчэ горш”, — генсек ЕНП.

На яго думку, трэба звяртаць увагу на сітуацыю, якая прыводзіць да росту ўплываў папулістаў. Раней на гэта ўвагу не звярталі, сказаў еўрадэпутат. “Эканоміка разбураецца тымі ж людзьмі, якія раней успрымалі СССР як рай. Пасля падзення берлінскай сцяны, усе пабачылі рэальнасць”, — сказаў ён.

Еўрадэпутат: уварванне Расіі ў Крым ні чым не апраўданае

У сувязі з ні чым неапраўданым уварваннем у Крым Расіі, што спарадзіла шматлікія праблемы, перасцярогі і страхі ў Еўропе, надышоў час для ЕС і Беларусі мець агульныя падыходы. Пра гэта заявіў 30 чэрвеня на канферэнцыі “Кансерватыўныя каштоўнасці ў сучаснай палітыцы” ў Мінску Антоніё Лопэс Істурыс, дэпутат Еўрапарламенту, генеральны сакратар Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП), якая аб’ядноўвае еўрапейскія хрысціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя партыі.

Але, паводле яго, такія падыходы не павінны ўтварацца любым коштам. Палітык адзначыў, што ЕС ужо зрабіў пэўныя крокі насустрач афіцыйнаму Мінску: скасаваў санкцыі, падвоіў фінансаванне, цяпер жа чарга за беларускімі ўладамі. У прыватнасці, заявіў ён, важна, каб парламенцкія выбары ўвосені не стваралі адчування дэжавю, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.

“Я не веру ў рэвалюцыі. Я веру ў эвалюцыю. Мы не хочам, каб людзі баяліся, каб была нестабільнасць. Мы хочам, каб змены адбываліся разумна і на карысць Беларусь”, — сказаў еўрадэпутат.

У прыватнасці, сказаў ён, неабходна, каб партыі рэгістраваліся, удзельнікаў палітычнага працэсу не пераследвалі і не запужвалі, каб не было палітвязняў, а апазіцыя была прадстаўленая ў выбаркамах, каб прадстаўнікі розных партый “маглі свабодна выйграваць і прайграваць выбары на свабодных і дэмакратычных выбарах”. “І ўлады павінны зразумець гэта і зрабіць крокі ў гэтым накірунку”, — заявіў Антоніё Лопэс-Істурыс.

“Беларусь – гэта Еўропа, не частка ЕС, але для мяне гэта няважна”, — сказаў еўрадэпутат, падзякаваўшы беларусам за тое, што яны прынялі вялікую колькасць бежанцаў з Украіны.

Пры гэтым ён асудзіў палітыку Расіі, заявіўшы, што яна ідзе не ў правільным накірунку і хутка ў яе з-за гэтага не застанецца грошаў. “Пуцін не Расія. Я паважаю расейцаў і не маю нічога супраць іх, але мне не падабаюцца злачынствы кіраўніцтва Расіі”, — падкрэсліў генсак ЕНП.

Мілінкевіч: трэба абіраць Еўропу, каб не стаць часткай Расіі

Беларусы з’яўляюцца еўрапейцамі і па гісторыі, і па мове, і па менталітэце. “Многія кажуць, што нас у ЕС ніхто не чакае, але там не чакалі ні Польшчу, ні Эстонію, але, каб нас прынялі, трэба выканаць умовы і пагрукацца, сказаць, што мы хочам вярнуцца ў еўрапейскую сям’ю”, — заявіў 30 чэрвеня на канферэнцыі “Кансерватыўныя каштоўнасці ў сучаснай палітыцы” ў Мінску старшыня Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле яго, сярод суседніх краін Беларусь бы перамагла ў магчымым конкурсе на сяброўства ў ЕС, але не хапае толькі свабоды і дэмакратыі. “Не трэба апускаць нос і трэба верыць у будучыню”, — падкрэсліў ён, паведамляе карэспандэнт Krynica.info.

Палітык адзначыў таксама важнасць дыялогу паміж Беларуссю і ЕС, “бо калі побач агрэсіўны сусед, які праводзіць анэксію, праз тэлебачанне выхоўвае ў людзях нянавісць — дыялог адзіная магчымасць адстаяць незалежнасць”. Паводле яго, “дыялог вызваляе палітвязняў”, дае людзям магчымасці для працы, а таксама спрыяе таму, што ў краіне робіцца менш антыеўрапейскіх і антыдэмакратычных настрояў.

Аднак, заявіў Аляксандр Мілінкевіч, “дыялог дыялогу розніца”. “Дыялог мусіць быць крытычны і абумоўлены. Без пакрокавай праграмы, без дарожнай мапы нічога не будзе”, — дадаў ён.

У прыватнасці, палітык адзначыў неабходнасць таго, каб “у камісіях лічылі галасы”. Паводле яго, ЕС мусіць патрабаваць ад афіцыйнага Мінску, каб у выбарчых камісіях галасы лічылі не толькі прадстаўнікі ўладаў, але і апазіцыі. “Шмат яшчэ трэба зрабіць, але хаця б з гэтага пачаць”, — дадаў ён.
“Трэба выбіраць Еўропу, інакш станем часткай Расійскай Федэрацыі”, — заключыў старшыня РЗС.

Лябедзька: беларусы больш паслядоўныя ў адстойванні каштоўнасцяў за еўрабюракратаў

У сваю чаргу лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў пра важнасць для апазіцыі падчас парламенцкай кампаніі данесці да людзей пазітыўную альтэрнатыву і сабраць доказы таго, што “выбары фальсіфікуюцца”. Паводле яго, гэтага нельга зрабіць, лежачы на канапе ці нават пішучы ў сацсетках.

Пры гэтым ён адзначыў, што сёння шмат беларусаў больш паслядоўныя ў адстойванні еўрапейскіх каштоўнасцяў за некаторых еўрапейскіх палітыкаў і бюракратаў. “Беларусь мусіць быць у еўрапейскім парадку дня”, — сказаў лідар АГП.

Рымашэўскі: людзі стаміліся ад дэмагогіі

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі адзначыў, што людзі, як у Беларусі, гэтак і на Захадзе, стаміліся ад дэмагогіі і папулізму. Супрацьстаяць жа “дэвальвацыі словаў “еднасць, праўда, справядлівасць”, на яго думку, можна толькі справамі.

“У нас адзіны спіс, адзінае пасланне, і мы пройдзем гэтую кампанію разам”, — заявіў ён, кажучы пра Правацэнтрысцкую кааліцыю, якая аб’ядноўвае РЗС, АГП і БХД. Паводле яго, яна стане ядром аб’яднання апазіцыі.

На яго думку, беларускім уладам сёння не патрэбна падтрымка большасці насельніцтва, бо яны трымаюцца “толькі на сілавіках і фальсіфікацыі”. Але няма ніводнага пытання, заявіў Віталь Рымашэўскі, калі б у апошнія гады ўлады не ішлі на саступкі, калі людзі выступалі разам. “Мы зламаем сцэнар гэтай улады і не дадзім прызначыць у парламент двух-трох людзей і назваць іх апазіцыяй”, — сказаў ён, пажадаўшы беларусам адрадзіць веру ў свае ўласныя сілы і сілы тых, хто побач.

Болей навін