За тыдзень лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі наведалі 10 гарадоў і мястэчак Беларусі

11 ліпеня 2016 13:27  |  Галоўныя навіны

За тыдзень лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі наведалі 10 гарадоў і мястэчак Беларусі

За тыдзень лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі, якая аб’ядноўвае Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, Аб’яднаную грамадзянскую партыю і Рух “За Свабоду”, наведалі дзесяць гарадоў і мястэчак Беларусі: Кіраўск, Бабруйск, Асіповічы, Баранавічы, Бярозу, Берасце, Слонім, Жыровічы, Гродна, Іўе.

Паўсюль у межах падтрымкі прамоўцаў кааліцыі Віталь Рымашэўскі, Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Галіна Скараход сустракаліся з выбаршчыкамі, камандамі прамоўцамі, ладзілі пікеты і міні-мітынгі.

“Гэту кампанію мы выкарыстоўваем, каб дайсці да людзей. Амаль на кожным пікеце за 1,5-2 гадзіны знаходзіліся людзі, гатовыя далучыцца альбо да назірання, альбо да БХД. У Жыровічах свае подпісы ставілі і вернікі, і святары. У многіх мястэчках Беларусі дэмакратаў бачылі ўпершыню за доўгі час. Тое ж, што можна свабодна і з мегафонам выступаць пад бел-чырвона-белымі сцягамі, для многіх было нечаканасцю і нават шокам. Яны не маглі паверыць, што за гэтыя рэчы сёння не арыштоўваюць. Самае галоўнае, што патрэбна сёння беларусам – гэта пазбавіцца ад страху, паверыць у свае сілы. Людзі згодныя, што трэба мяняць уладу, але яны не вераць, што гэта магчыма. Яны не вераць у свае ўласныя сілы і ў салідарнасць. І нам трэба паказаць гэтым людзям, што можна і трэба быць актыўнымі, трэба аб’ядноўвацца, быць салідарнымі і разам прымушаць улады прыслухоўвацца да патрабаванняў простых грамадзян. Змена ўлады – гэта не справа толькі лідараў апазіцыі, але кожнага беларуса”, – падкрэсліў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

У сваю чаргу лідар АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што пасланне трох аб’яднаных структур сёння гучыць у тры разы больш моцна і больш аптымістычна, чым калі б гэтыя структуры выступалі паасобку. “Калі мы прыязджаем у нейкі горад, дык нашыя высілкі памнажаюцца на тры. Гэта добрая супраца. Гэта магчымасць кіраваць сваімі партыйнымі амбіцыямі. Гэта стварае каманду. Беларусі не хапае супольнасці і салідарнасці, а гэта дае толькі камандная гульня і камандныя прынцыпы. Мы ў цэнтры ўжо навучыліся слухаць адно аднаго, і вельмі важна гэта перанесці на рэгіёны, на нашыя рэгіянальныя арганізацыі і на наш актыў. Прынамсі, гэта ўжо можна назваць здабыткам для ўсіх трох арганізацый, апроч таго задавальнення, якое людзі маюць ад працы з людзьмі”, – дадаў ён.

За тыдзень лідары Правацэнтрысцкай кааліцыі наведалі 10 гарадоў і мястэчак Беларусі

Паездкі па рэгіёнах паказваюць салідарнасць кіраўніцтва з людзьмі ў рэгіёнах, заявіў намеснік старшыні РЗС Юрась Губарэвіч. “Мы разумеем, у якіх няпростых умовах ім даводзіцца праводзіць кампанію. Мы стараемся ездзіць разам. Наведваць пікеты прадстаўнікоў кожнай структуры Правацэнтрысцкай кааліцыі і тым самым прадэманстраваць еднасць паміж намі і гатоўнасць падтрымліваць адно аднога. Прыезды таксама змяняюць мясцовае палітычнае поле, бо больш людзей падыходзіць да пікетаў. Ім цікава паразмаўляць і з лідарамі арганізацый. Гэта прыцягвае дадатковую ўвагу і дазваляе сабраць большую колькасць подпісаў. Людзі бачаць, што на выбары правацэнтрысты ідуць вялікай камандай і, калі б выбары праводзіліся сумленна, празрыста і дэмакратычны, мы маглі б сфармаваць вялікую фракцыю ў парламенце”, – заключыў палітык.

Болей навін