У выбарчай камісіі з Вольгай Кавальковай “правялі тлумачальную размову”

13 ліпеня 2016 17:27  |  Палітыка

У выбарчай камісіі з Вольгай Кавальковай “правялі тлумачальную размову”

Прамоўца Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, лідар Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова разам з сябрам ініцыятыўнай групы, сустаршынёй БХД Віталём Рымашэўскім 13 ліпеня наведалі акружную Дамброўскую камісію № 103 у сувязі са скаргамі на прамоўцу, якія паступілі ў камісію.

Намесніца старшыні акружкаму паведаміла, што ніякіх прэтэнзій камісія да Вольгі Кавальковай не мае, але павінна рэагаваць на скаргі, якія паступілі да яе. Скаргі тычацца выкарыстання незарэгістраванай сімволікі, а таксама відэазапісу, на якім адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі на пікеце кажа пра ўжо прызначаных дэпутатаў і фальсіфікацыю выбараў у краіне.

На гэта Вользе Кавалькове давялося даць тлумачэнні, а намесніца старшыні камісіі запісала, што “праведзеная тлумачальная гутарка пра недапушчальнасць дыскрэдытацыі выбараў у Рэспубліцы Беларусь і выкананне правілаў афармлення пікетаў пры агітацыі”.

“Гэтая фармулёўка – штамп. Яе аўтарам не з’яўляюцца сябры камісіі. Відавочна, што перад сустрэчай прайшоў інструктаж, бо такія фармулёўкі звычайна выкарыстоўвае міліцыя перад правядзеннем масавых акцый. А гэта яшчэ раз падкрэслівае, што ніякіх незалежных выбараў у Беларусі няма, бо камісіі бяруць на ўзбраенне фармулёўкі сілавых структур”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі, нагадаўшы, што фармаванне камісій адбывалася з парушэннем права на свабодныя і сумленныя выбары, з-за чаго прадстаўнікі апазіцыі не маглі ў іх трапіць.

Болей навін