У Магілёве людзі не ўпэўненыя, што ў Беларусі існуе парламент
Лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў у Магілёве, спікер Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Андрэй Бодзілеў падзяліўся з сайтам bchd.info падрабязнасцямі збору подпісаў у горадзе на пікетах і ад дзвярэй да дзвярэй.
Паводле яго слоў, у людзей адразу змяняецца стаўленне, калі яны бачаць перад сабой чалавека, у падтрымку якога збіраюць подпісы, бо звычайна не бачыць ніхто ні кандыдатаў, ні дэпутатаў. Адна жанчына ахарактарызавала парламент як «Бярмудскі трыкутнік: толькі чалавек становіцца дэпутатам, яго не чуваць і не відаць». А адзін чалавек наогул здзівіўся, што «ён (парламент) яшчэ існуе».
Акрамя таго, людзі дзеляцца сваімі праблемамі і пры гэтым многія глядзяць з надзеяй. «Шмат часу сыходзіць на тое, каб растлумачыць людзям: ад чаго нам трэба пазбавіцца спачатку, каб праблем стала менш. Некаторыя адмаўляюцца ставіць подпіс, нават кажуць: “дэпутаты вылучаюцца, ну і няхай адно аднаму ставяць подпісы”. І разумееш, што нельга вінаваціць людзей за такое стаўленне. 90% чыноўнікаў і дэпутатаў настолькі аддаліліся ад народа, сталі такімі недасяжнымі зоркамі, што просты чалавек забывае пра іх існаванне, а калі і ўспамінаюць або ўзнікае патрэба звярнуцца, то ідуць да іх як да падышаха, які карае смерцю за кожнае не так сказанае слова. Толькі ад аднаго жыхара я пачуў добрае слова аб мясцовым чыноўніку, які адгукнуўся на зварот людзей і акультурыў невялікі кавалачак тэрыторыі каля жылога дома», – адзначыў Андрэй Бодзілеў.
Паводле яго слоў, 80% маладых людзей, з кім давялося пагутарыць, ставіліся да выбараў абыякава. «Будучыня будуецца для маладых і павінна стварацца самой моладдзю. Пра гэта мы не павінны забываць», – падкрэсліў ён.
Актывіст таксама сказаў, што аб’ядноўвае ўсіх людзей незалежна ад іх станоўчага або адмоўнага стаўлення да выбараў, подпісаў і кандыдатаў – «усе яны разумеюць, што за 22 гады Беларусь прыйшла туды, з чаго пачынала ў пачатку 90-х, і ўсе яны хочуць і чакаюць зменаў».