Віталь Рымашэўскі: прычыны ціску на прамоўцаў БХД – банкруцтва дзейнай улады
Прычыны ціску ўладаў на прамоўцаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі – гэта банкруцтва дзейнай улады і адсутнасць падтрымкі праўладных кандыдатаў насельніцтвам. Пра гэта заявіў bchd.info сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі.
“Ціск на нашых прамоўцаў Марыну Хоміч, Вольгу Кавалькова я звязваю толькі з поўным банкруцтвам даверу грамадзян да дзейнай улады. Учора на пікетах да Марыны Хоміч выстройваліся чэргі, каб яе падтрымаць. Людзі не толькі ставілі подпісы, але і запісваліся ў назіранне. Многія пакідалі свае кантакты, каб далучыцца да працы хрысціянскіх дэмакратаў. Побач стаяў пікет дзейнай улады, да якога падыходзілі хіба сябры акруговай камісіі. Таму праўладным кандыдатам даводзіцца выклікаць “падмогу””, – адзначыў ён.
Паводле яго, пры такой падтрымцы дэмакратычных сілаў у рэжыму не застаецца нічога іншага, як запускаць рэпрэсіўныя механізмы. “Калі нават сябры камісіі дазваляюць сабе абражаць сябраў ініцыятыўнай групы, замінаць правядзенню пікетаў, а на беззабаронных дзяўчын выклікаюць цэлы ўзвод бугаёў з праваабарончых органаў, якія вядуць здымку, займаюцца вонкавым назіраннем”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.
“З таго, што я ўбачыў у Мінску і ў іншых гарадах, можна зрабіць выснову – улада поўны банкрут. Рэпрэсіўны апарат – гэта ўсё, што ў яе засталося. І зразумела, чаму ўлады не ідуць на свабодныя і справядлівыя выбары. Яны ніколі не пойдуць на рэкамендаваныя АБСЕ змены выбарчага заканадаўства, бо першыя ж свабодныя выбары яны з трэскам прайграюць”, – заключыў Віталь Рымашэўскі.