Андрэй Бодзілеў: на пікеце я часта чуў ад мінакоў «Жыве Беларусь!» (Фота)
15 ліпеня ў Магілёве прайшло два пікеты з мэтай збору подпісаў у падтрымку спікера Правацэнтрысцкай кааліцыі, мясцовага лідара Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Андрэя Бодзілева.
«У адрозненне ад папярэдніх пікетаў, у якіх я ўдзельнічаў, пасля гэтага я быў прыемна здзіўлены. Кожны другі мінак падыходзіў да стэнда, цікавіўся і пасля нядоўгіх роздумаў, даведаўшыся, што мы не праўладныя, пачынаў гаварыць аб праблемах акругі, раёна, сям’і. У час размовы пра ўладу я не пачуў ні аднаго добрага слова. Былі людзі, якія з асцярогай пыталіся: “А я магу свабодна гаварыць, нас не слухаюць?”», – адзначыў ён.
Былі, паводле яго слоў, і такія размовы паміж людзьмі: “А што ты чытаеш, ты на выбары пойдзеш хіба? Усё адно ўжо ўсё вырашана!”. «Людзі, дзякуючы пікету, у чарговы раз успомнілі і зразумелі, што выбараў у краіне няма», – лічыць Андрэй Бодзілеў.
«І самае прыемнае, што мяне больш за ўсё парадавала. За час пікету я часта чуў ад мінакоў “Жыве Беларусь!”. І з радасцю ім адказваў: “Жыве з Богам!”. Не ўсе з гэтых людзей падыходзілі і ставілі подпіс, але, чуючы гэтыя словы, я разумею: абуджаных робіцца ўсё больш, засталося падняцца з ложка!» – падкрэсліў актывіст МХД.