У Віцебску падчас правацэнтрысцкага пікету выявілі парушэнні на пікеце БРСМ
21 ліпеня ў Віцебску каля гандлёвага цнтру “Марка-сіці” адбыўся агульны пікет прамоўцаў ад Правацэнтрысцкай кааліцыі. “Разам стаяць значна весялей, выбарцы падыходзяць, накіроўваем іх да адпаведна акрузе прэтэндэнта, размаўляем, падпісваем. Хто-ніхто затрымліваецца надоўга”, – адзначыла прамоўца БХД Таццяна Севярынец.
Побач праходзіў пікет БРСМ, на якім збіралі подпісы за праўладнага вылучэнца па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 Васіля Чэкана. На выяўленыя на гэтым пікеце парушэнні Таццяна Севярынец падала скаргі ў абласную выбарчую камісію і ў пракуратуру.
“Падыходжу пацікавіцца, як у іх ідуць справы. Мяне запрашаюць падпісацца сябры яго ініцыятыўнай групы Васільева Наталля Віктараўна і Уланчава Вікторыя Аляксандраўна. Кажу, што не пражываю на гэтай акрузе. Мне ў адказ: “Гэта нічога, мы падпісваем усіх жадаючых, толькі ў асобныя аркушы. Па раёнах. Нам важна волевыяўленне кожнага”. Слупянею: што, пакуль я ехала на пікет, нешта змянілася ў выбарчым заканадаўстве РБ? Ім можна як заўгодна парушаць заканадаўства, выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс, падманваць выбарцаў, робячы пры гэтым прыстойны выгляд і кажучы пра “волевыяўленне”? Прыйшлося правесці лікбез”, – адзначыла прамоўца.
Нагадаем, што Беларуская хрысціянская дэмакратыя разам з іншымі дэмакратычнымі структурамі ўдзельнічае ў кампаніі назірання “Права выбару-2016”.