Дзяніс Садоўскі: Усе факты парушэнняў мы хочам давесці да суда – і беларускага, і міжнароднага
Адначасова са зборам подпісаў за кандыдатаў у дэпутаты у Беларусі пачалася і кампанія назірання за выбарамі. Каб расказаць, чым яна будзе адрозніваецца ад кампаніі назірання на папярэдніх парламенцкіх выбарах, што гэта за працэс “татальнага назірання”, якім ужо палохаюць Цэнтрвыбаркам, чаму ўжо зараз прагназуюць непразрыстасць і недэмакратычнасць сёлетніх выбараў, у студыю Еўрарадыё завітаў каардынатар кампаніі назірання “Права выбару”, адаказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
Восем самых яркіх цытат з размовы:
Мы абралі 11 выбарчых акругаў, на якіх будзем арганізоўваць назіранне татальнае – ва ўсіх абласных гарадах, Мінску і плюс – Мінскі раён. Гэта значыць, што 100% выбарчых участкаў на гэтых акругах будуць закрывацца назіральнікамі на час датэрміновага галасавання і дзень выбараў: па 2 чалавекі на ўчастку.
Хочам давесці, у выпадку парушэнняў, справу да суда: і да беларускага, і да міжнароднага.
Самыя складаныя для арганізацыі назірання – “вясковыя акругі”. Там мала актывістаў, туды не даязджаюць журналісты, і таму пераважна назіранне ідзе ў гарадах.
Каб выбары адбыліся, неабходна каб прагаласаваць прыйшло звыш 50% выбаршчыкаў. Мы прагназуем, што ў Мінску і абласных гарадах яўкі не будзе. Па вопыце папярэдніх выбараў, яўка ў Мінску складае каля 35%, і ніякіх рэчаў, якія б маглі паўплываць на павялічэнне яўкі, мы не заўважаем.
Мы можам адсачыць тры рэчы: допуск альбо не допуск прадстаўнікоў апазіцыі ва ўчастковыя камісіі, і мы плануем каля 500 сябраў вылучыць у гэтыя камісіі ад кампаніі назірання “Права выбару”. Другое – яўка. Калі нашы назіральнікі яўку не налічаць, то мы будзем падаваць гэта ў суд – выбары на гэтай акрузе не адбыліся. І трэцяя – допуск альбо не допуск да падліку галасоў.
Назіральніку павінен быць паказаны кожны бюлетэнь падчас падліку галасоў. Калі наш назіральнік не бачыць, не фіксуе – мы лічым, што на гэтым участку празрыстага і сумленнага падліку галасоў не было.
У нас няма ілюзій на конт беларускіх судоў. Але гэта будзе дэманстрацыяй усіх фактаў, якія мы зможам сабраць адносна таго, як у Беларусі фальсіфікуюцца выбары.
“Белая Русь” падала спіс са 120 сваіх сябраў у склад выбарчых камісій і 119 былі ў камісіі ўключаныя. БСДПГ падавалі каля 30 чалавек, а ў камісіі ўключылі 5. І калі зараз ва ўчастковых камісіях, як і падчас прэзідэнцкіх выбараў, толькі 0,05% будуць складаць прадстаўнікі апазіцыі, то пра якія дэмакратычныя выбары можна казаць?