Правацэнтрысцкія пікеты ў Рагачове і Гомелі: нават аматары СССР клянуць дзеючую ўладу (фота)
У Рагачове і Гомелі 25 ліпеня адбыліся пікеты і сустрэчы лідараў і прамоўцаў Правацэнтрысцкай кааліцыі (БХД, АГП, Рух “За Свабоду”) – Віталя Рымашэўскага, Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Шарыпава, Дзяніса Дашкевіча і іншых – з мясцовымі жыхарамі.
“Людзі пазнаюць лідараў апазіцыі нават у такіх маленькіх гарадах, як Рагачоў. Усе яны незадаволеныя ўладай. Нават тыя, хто не падтрымлівае дэмакратыю, супраць арыентацыі на ЕС і настальгіруе па СССР. Лукашэнка страціў нават давер свайго базавага электарату. Нават гэтыя людзі сёння клянуць дзеючую ўладу”, – распавёў bchd.info сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.
Ён адзначыў, што яго вельмі ўсцешыла тое, што людзі ведаюць мясцовых лідараў апазіцыі, у прыватнасці, прамоўцу БХД і журналіста з Рагачова Дзяніса Дашкевіча. “Падчас пікетаў людзі самі падыходзілі на нацыянальную сімволіку. Самае станоўчае – гэта тое, што на кожнай сустрэчы людзі не толькі ставяць подпісы ў падтрымку нашых прамоўцаў, але і далучаюцца да назірання і нават запісваюцца ў БХД. Абавязкова за 30-40 хвілін 1-2 чалавекі згаджаюцца прыйсці на нашы сустрэчы і далучыцца да працы. Краіна мяняецца”, – дадаў палітык.
26 ліпеня Віталь Рымашэўскі наведвае Мазыр і Лельчыцы, дзе балатуецца прамоўца БХД Мікалай Чэчка.