Віталь Рымашэўскі наведаў 8 гарадоў: у некаторых з’явяцца новыя суполкі БХД
Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі разам з прамоўцамі БХД Таісіяй Кабанчук, Аляксандрай Сьянавай, Мікалаем Чэчкам, Таццянай Шамбалавай, Алегам Аксёнавым наведаў восем гарадоў у Магілёўскай і Гомельскай абласцях.
Пікеты і сустрэчы з жыхарамі прайшлі ў Магілёве, Крычаве, Чэрыкаве, Чавусах, Глуску, Бабруйску, Рагачове і Мазыры, а таксама ў некалькіх вёсках.
“Нават у параўнанні з 2010 годам беларусы сталі больш апазіцыйнымі. Больш людзей далучаецца да апазіцыі. Падчас кожнага пікету 1-2 чалавекі згодныя далучыцца да партыі. У незалежнае назіранне на пікетах хрысціянскіх дэмакратаў запісаліся больш за 100 чалавек. У некалькі гарадах будуць запачаткаваныя новыя суполкі БХД. Людзі не падтрымліваюць уладу, але пакуль яшчэ не вераць у свае сілы, не вераць, што можна нешта змяніць. Між тым людзі ўжо губляюць свой страх. І гэты пратэст у рэгіёнах нават большы, чым у Менску, бо галеча ў рэгіёны прыйшла хутчэй. Людзі хочуць пераменаў, хочаць жыць лепш. І гэта дае надзею на тое, што змены ў Беларусь прыйдуць і мы прымусім сысці гэтую антынародную ўладу”, – заявіў Віталь Рымашэўскі.
“Наша задача – дайсці да максімальнай колькасці рэгіёнаў Беларусі, каб сабраць актыўных людзей, далучыць іх да нашых шэрагаў і далучыць іх да змагання”, – падкрэсліў ён.