Маладэчна: патрапілі ва ўчастковыя камісіі “идеологически грамотные”, “с активной гражданской позицией”

30 ліпеня 2016 11:06  |  Палітыка

Маладэчна: патрапілі ва ўчастковыя камісіі “идеологически грамотные”, “с активной гражданской позицией”

27 ліпеня прайшло пасяджэнне Маладэчанскага райвыканкама, на якім былі сфармаваныя ўчастковыя камісіі па выбарчых акругах № 72 і № 73.

У параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі гэтае мерапрыемства зацягнулася аж да пачатку восьмай вечара, бо згодна з пастановай ЦВК характарызавалася кожная кандыдатура. І калі колькасць прэтэндэнтаў супадала з зацверджаным колькасным складам камісіі, то галасавалі спісам. А там, дзе быў конкурс, разглядалася і галасавалася кожная кандыдатура. Падымаліся прадстаўнікі структур, якія вылучалі дадзенага чалавека і давалі характарыстыку, натуральна, самую прывабную. Часцей за ўсё гучалі такія, як “идеологически грамотный”, “с активной гражданской позицией” і г.д. Калі ж нейкі малады чалавек упершыню вылучаўся ў камісію казалі: “Малады, актыўны, хай набіраецца досведу”.

Але былі і выключэнні. Так, мясцовы хрысціянскі актывіст Міхал Марцінкевіч сабраў подпісы для вылучэння ва ўчастковую камісію Цюрлёўскага ўчастка Маладэчанскай сельскай выбарчай акругі № 73. Натуральна, што з’явіўся конкурс, каб патрапіць туды. І тут адбылося самае цікавае. Калі прадстаўнікі розных структураў сталі даваць характарыстыкі сваім вылучэнцам, то двое з іх закранулі і кандыдатуру Марцінкевіча, хоць да яго вылучэння яны не мелі аніякага дачынення. Спачатку выказалася начальнік раённага аддзела адукацыі Драпеза І.Ф., маўляў, паколькі Марцінкевіч працуе ў гэтай сістэме. Яна ахарактарызавала яго як добрага работніка, але безыніцыятыўнага, пасля чаго стала расхвальваць іншых вылучэнцаў. Потым падняўся старшыня Цюрлёўскага сельвыканкама Кушнярэвіч Ул.А. і стаў рэкамендаваць і станоўча характарызаваць вылучэнцаў ад грамадзян, якія пражываюць у Цюрлях апроч Марцінкевіча, пры гэтым адзначыўшы, што той хоць і жыве там, але ніяк сябе не зарэкамендаваў. У выніку Міхаіл Марцінкевіч не патрапіў ва ўчастковую камісію. Выглядала на тое, што ўсё ўжо было вызначана загадзя.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Болей навін