Міліцыя склала пратаколы за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў

01 жніўня 2016 13:20  |  Галоўныя навіны

Міліцыя склала пратаколы за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў

1 жніўня менская міліцыя склала пратаколы на сябраў ініцыятыўнай групы прамоўцы БХД Ядзвігі Угольнік Віталя Рымашэўскага і Максіма Лойку нібыта за перадвыбарчы пікет, які яны ахарактарызавалі як несанкцыянаванае мерапрыемства. Перадвыбарчы пікет праходзіў па адрасе вуліца Дуніна-Марцінкевіча 2.

На ім збіраліся подпісы ў падтрымку вылучэння Ядзвігі Угольнік. “Але нягледзячы на наяўнасць падпісных аркушоў, афіцыйных пасведчанняў сябраў ініцыятыўнай групы, міліцыянты заміналі праводзіць пікет, складалі пратаколы на ўсіх удзельнікаў, чым груба парушылі заканадаўства аб выбарах. Фармальна ім не спадабаўся фотаздымак Юрыя Захаранкі і яго маці з надпісам “Мы помнім!” на стэндзе пікету. Пры гэтым законам не рэгламентавана, як мусяць быць аформленыя перадвыбарчыя пікеты”, – заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.

Паводле яго, такія дзеянні яшчэ раз сведчаць, што дэмакратычных выбараў у краіне няма. “Насуперак заявам кіраўніка КДБ, кампанія Правацэнтрысцкай кааліцыі праходзіць вельмі актыўна. І відаць, што з самага верху пайшоў сігнал праводзіць больш жорсткія рэпрэсіі. Нагадаю, што ў Маладзечне невядомы з відэакамерай правакаваў бойку і замінаў праводзіць пікетаванне ў прысутнасці сябра акружной камісіі. Таксама сябры акружной камісіі заміналі праводзіць пікет Марыны Хоміч, груба ўмешваліся ў пікет насупраць будынка МУС у Менску. Гэта ўсё падкрэслівае, што камісіі набываюць новую ролю ў палітычным жыцці Беларусі. Калі раней яны проста не рэгістравалі кандыдатаў і ўдзельнічалі ў фальсіфікацыях, дык цяпер яны ўсё больш займаюцца ціскам на няўгодных прамоўцаў”, – адзначыў ён.

Болей навін