Маладзечанскі блогер зняў на відэа, як чалавек у цывільным правакаваў бойку на пікеце БХД (відэа)
Маладзечанскі блогер Руслан Кісялёў зняў на відэа тое, як у Маладзечне падчас пікету прамоўцы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Пракаповіча з удзелам лідараў БХД і МХД Віталя Рымашэўскага і Марыны Хоміч невядомы чалавек у цывільным з відэакамерай правакаваў бойку і замінаў збору подпісаў.
“Дзякуючы гэтаму відэа ўсе могуць бачыць, як праходзяць свабодныя і сумленныя выбары ў Беларусі”, – адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Больш падрабязнага відэа з пікету можна знайсці на канале Руслана Кісялёва.
Паводле яго, зараз вельмі часта правакацыямі супраць незалежных кандыдатаў кіруюць прадстаўнікі выбарчых камісій. “Гэтак было і ў Маладзечне, дзе сябра акруговай камісіі Святлана Паздзеева ніяк не рэагавала на правакатара, затое папярэджвала прамоўцу БХД. У Менску ў дачыненні да Марыны Хоміч камісія таксама ўмешвалася ў выбарчую кампанію і парушала выбарчае заканадаўства. Пры гэтым менш за 1% сябраў БХД уключылі ва ўчастковыя камісіі, што таксама кажа, што свабодных і сумленных выбараў няма”, – падкрэсліў палітык.
Нагадаем, што БХД разам з іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі і партыямі Беларусі ўдзельнічае ў кампаніі назірання “Права выбару-2016”.