БХД рыхтуецца адзначаць стагодзьдзе: у плянах усталяваньне шыльдаў і перайменаваньне вуліцаў

10 жніўня 2016 17:45  |  Грамадства

БХД рыхтуецца адзначаць стагодзьдзе: у плянах усталяваньне шыльдаў і перайменаваньне вуліцаў

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец наведвае Берасьцейшчыну. Палітык распавёў Свабодзе аб плянах па адзначэньню 100-годзьдзя ад заснаваньня БХД.

У Івацэвіцкім раёне Павал Севярынец наведваў магілу міжваеннага ўніяцкага сьвятара, асьветніка, выдаўца Баляслава Пачопкі. Спадар Севярынец кажа, што імя беларускага сьвятара заслугоўвае шырокай мэмарыялізацыі. Палітык падзяліўся плянамі збору подпісаў за назву вуліцы ў гонар Баляслава Пачопкі.

Павал Севярынец завітаў у вёску Бабровічы Івацэвіцкага раёну, дзе перад Другой усясьветнай вайной служыў Баляслаў Пачопка, а цяпер краязнавецВеньямін Бычкоўскі стварыў прыватны музэй, у якім, у тым ліку, ушаноўвае і памяць Пачопкі.

У Бярозе Павал Севярынец наведаў музэй, дзе ў польскія часы месьціўся лягер, у якім знаходзіліся многія палітычныя вязьні. Ён распавёў, што ў 1920-30-я гады ў гэтым лягеры былі зьняволеныя трое дзеячоў тагачаснай Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

«Гэта ўжо трэцяя такая вандроўка, — згадвае Севярынец. — Першая была па Віцебшчыне, другая – па Гарадзеншчыне. Учора былі ў Пружанах, Берасьці, сёньня – у Бярозе, Івацэвічах, паедзем у Пінск. Сустракаемся з краязнаўцамі, мясцовымі актывістамі, з тымі, хто можа скаардынаваць тое, што можна зрабіць для мэмарыялізацыі сяброў-заснавальнікаў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

У наступным годзе будзе адзначацца стагодзьдзе БХД і мы рыхтуемся да шырокай мэмарыялізацыі. Рыхтуем кнігі „100 асобаў БХД“, „Беларуская хрысьціянская дэмакратыя 1917-2017“. У наступным годзе будуць прэзэнтацыі гэтых кнігаў па ўсёй Беларусі, канфэрэнцыі, экскурсіі».

У плянах БХД, распавёў Павал Севярынец – збор подпісаў за ўсталяваньне памятных шыльдаў дзеячам БХД першай паловы мінулага стагодзьдзя ў розных рэгіёнах, ды перайменаваньне, або назоў вуліц у гонар хрысьціянскіх дэмакратаў.

У інтэрвію Свабодзе Павал Севярынец выказаў шкадаваньне, што «партыя са стогадовай гісторыяй у сучаснай Беларусі ня мае магчымасьці атрымаць рэгістрацыю».

Радыё Свабода

Болей навін