Віталь Рымашэўскі распавёў, як змянілася стаўленне людзей да ўладаў у рэгіёнах
У эфіру TUT.by сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі на падставе праведзеных у рэгіёнах пікетаў і сустрэч з выбаршчыкамі распавёў, як змянілася стаўленне беларусаў да ўладаў.
“Калі мы вывешвалі бел-чырвона-белы сцяг, мы разумелі, што гэта пэўная правакацыя, бо ў рэгіёнах раней яго асацыявалі выключна з радыкальнай апазіцыяй. Але зараз негатыўнай рэакцыі не было. Толькі ў сталага веку жанчын, глыбокіх пенсіянераў. Для мяне гэта было дзівам. Я сам не чакаў такой рэакцыі”, – заявіў ён.
Таксама, па яго словах, людзі не пужаліся лозунгу мяняць уладу. “Я не чакаў, што людзі не будуць пужацца, а наадварот глядзець у твой бок і браць твае ўлёткі. Раней такога не было, бо страх быў большы”, – сказаў палітык.
Паводле яго, у рэгіёнах вельмі моцна адчуваецца жабрацтва. “У Крычаве 2,4 млн старымі рублямі – гэта нармальны заробак працуючага чалавека. І людзі гэтым дзеляцца на пікетах. Раней такое было заўважна толькі ў Менску. А тут людзі спыняліся на машынах толькі дзеля таго, каб выйсці і паставіць подпіс”, – падкрэсліў сустаршыня БХД.
Апроч таго, ён адзначыў пашырэнне ведаў простых беларусаў пра палітычнае жыццё ў краіне. “Абсалютна нечакана ў маленькіх, нават самых глухіх гарадах я сустракаў людзей, дасведчаных у палітыцы. Яны ведаюць, што адбываецца ў Менску, ведаюць пра мітынгі, арыентуюцца ў беларускай палітыцы. Такога раней не было. Гэта перамога інтэрнэту”, – сказаў Віталь Рымашэўскі.
Што тычыцца людзей, якія не падтрымліваюць еўрапейскі выбар і дэмакратычную апазіцыю, дык яны, паводле палітыка, лічаць Лукашэнку чужым. “Для мяне было шокам, калі ў Рагачове бабулькі сказалі, што Лукашэнка – наш, а яны за Савецкі Саюз. Ён губляе абсалютна свой электарат”, – заявіў палітык, дадаўшы, што ў рэгіёнах часта даводзілася чуць нецэнзурныя выразы на адрас кіраўніка дзяржавы.