Павел Пракаповіч падаў скаргу на нерэгістрацыю кандыдатам і распавёў пра парушэнні ў акрузе
Каардынатар аргкамітэту БХД па Менскай вобласці падаў скаргі ў Менскую выбарчую абласную камісію і пракуратуру Менскай вобласці на нерэгістрацыю яго кандыдатам у дэпутаты па Маладзечанскай сельскай акрузе № 73. Пры гэтым ён паведаміў bchd.info, што падчас першага этапу парламенцкай кампаніі яго ініцыятыўная група зафіксавала парушэнні заканадаўства.
Гэтак, прадстаўніку БХД Міхаілу Марцінкевічу беспадстаўна не дазволілі ўвайсці ў склад участковай камісіі Цюрлёўскага ўчастка.
Прыём і падлік падпісных аркушоў 1 жніўня ажыцяўлялі некалькі чальцоў акруговай камісіі паралельна і не пераправяралі. “Ёсць усе падставы лічыць, што некалькі падпісных аркушоў зніклі падчас праверкі подпісаў. Камісія налічыла акурат 999 подпісаў”, – адзначыў Павел Пракаповіч.
Магчымасці прысутнічаць пры праверцы подпісаў і дакументаў па рэгістрацыі кандыдатаў па 73 выбарчай акрузе былі пазбаўлены незалежныя назіральнікі. Адпаведную скаргу на гэтае парушэнне актывіст кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Алесь Капуцкі накіраваў у Мінскую абласную камісію.
Адзначыў прамоўца БХД і факты ціску на сябраў яго ініцыятыўнай групы. Аднаго з сябраў ініцыятыўнай групы Пракаповіча ля яго дому сустрэў невядомы і папярэдзіў, што праз удзел у парламенцкай кампаніі ў яго могуць узнікнуць праблемы пры паступленні ў вну. За тры вечары працы ў Валожыне сябраў ІГ сем разоў спыняла міліцыя для праверкі дакументаў, а супрацоўнікі ДАІ толькі за некалькі дзён выпісалі штрафы на больш чым 250 рублёў. Увесь час знаходжання ў Валожыне за машынай сябраў ІГ сачылі на службовай альбо міліцэйскай машыне.
“Каб быць прамоўцамі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, нам не патрэбныя дазволы купкі крымінальнікаў з выбарчай камісіі. Нашу каманду ціскам не спыніць, цяпер наша задача – актыўна ўдзельнічаць у назіранні падчас наступных этапаў кампаніі і фіксаваць усе парушэнні. Кожны беларус, маючы пачуццё ўласнай годнасці, мусіць патрабаваць ад уладаў правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў. 12 верасня права беларусаў на перамены павінны адчуць ва ўсім свеце”, – падкрэсліў актывіст.