У Бабруйску міліцыянты вывалаклі актывіста БХД з дома і павезлі ў Жлобін

18.08.2016, 20:18  |  Навіны » Палітыка

У Бабруйску міліцыянты вывалаклі актывіста БХД з дома і павезлі ў Жлобін
Актывіст БХД з Бабруйску Аляксандр Дзяткоў заяўляе, што 17 жніўня ў дзверы кватэры, у якой ён жыве, прыйшлі двое ў цывільным і запатрабавалі, каб ён праехаў з імі. Адзін з іх прад'явіў пасведчанне на імя міліцыянта Канстанціна Дыбы.

Тады актывіст зайшоў у ванну, каб патэлефанаваць знаёмаму юрысту, але міліцыянты ўварваліся ў ванную, выхапілі тэлефон і, заламалі рукі, вывалаклі паўголага з кватэры і пасадзілі ў прыпаркаваны на газоне аўтамабілі. Толькі там яму дазволілі апрануць кофту, якую паспеў перадаць бацька Аляксандра Дзяткова.

Яго прывезлі ў будынак РАУС і пасадзілі ў адным з кабінетаў. На пытанні актывіста, у чым яго абвінавачваюць, адказу не было. Толькі міліцыянт, які прадставіўся Канстанцінам Мазуравым, спытаў ці ёсць у яго матацыкл (матацыкла ў яго няма). Праз паўгадзіны Дзяткова ў кайданках зноў павялі ў машыну, ужо з нумарамі Гомельскай вобласці, і павезлі на ёй у Жлобін.

Па дарозе міліцыянты абражалі актывіста, паводзілі сябе груба. У Жлобінскім РАУС яму таксама не патлумачылі, у чым ён абвінавачваецца. Замест гэтага яго сталі запалохваць (ударылі па стале дубінкай, ударылі далонню па твары і нагой па лытках) і схіляць да самаагавору. Дзяткова вадзілі па розных кабінетах, да яго падыходзілі розныя людзі і схілялі напісаць яўку з павіннай.

«Пры гэтым не было складзена пратаколу затрымання, мне не было прадастаўлена магчымасці скарыстацца паслугамі адваката, у мяне адабралі мабільны тэлефон і не было магчымасці патэлефанаваць знаёмаму юрысту, каб папрасіць яго аб юрыдычнай дапамогі ў гэтай няпростай для мяне сітуацыі. Без маёй згоды міліцыянт перапісаў з тэлефона нумары тэлефонаў, па якіх я тэлефанаваў, і нумары тэлефонаў, з якіх тэлефанавалі мне - маю асабістую інфармацыю», - распавёў Аляксандр Дзяткоў.

У Жлобінскім РАУС яго пратрымалі больш васьмі гадзін без ежы і вады, адпусціўшы з будынка РАУС у 18:52. «Пасля чаго я апынуўся адзін у чужым горадзе і без грошай, а даехаць дадому неяк трэба было (да Бабруйска 65 км)», - адзначыў актывіст.

Навіны па тэме