ХРЫСЬЦІЯНСТВА І ДЭМАКРАТЫЯ. ГІСТОРЫЯ І РАЗВІЦЬЦЁ

13 кастрычніка 2009 23:27  |  Артыкулы

Эўрапейскае паходжаньне руху

Хрысьціянска-дэмакратычныя партыі і рухі вядуць сваё ідэалягічнае паходжаньне ад рэакцыі каталікоў Італіі, Нямеччыны й Францыі на лібэралізм, нацыяналізм і сацыялізм дзевятнаццатага стагодзьдзя. Лічыцца, што менавіта дыскусіі ХІХ ст. паміж клерыкальнымі і сьвецкімі партыямі далі штуршок  бурліваму разьвіцю хрысьціянска-дэмакратычнай думкі.

Ватыкан упершыню адмаўляе дактрыну лібэральнай дэмакратыі ў працы “Syllabus of Errors” (1864) Рымскага Папы Пія IX. Яго пераемнік, Леў XIII (1878-1903), прызнае ў сваёй энцыкліцы “Immortale Dei” (1885), што дэмакратыя можа быць легітымнай формай кіраваньня. Галоўным унёскам Льва ХІІІ у разьвіцьцё хрысьціянска-дэмакратычнай думкі стала яго энцыкліка “Rerum Novarum” (1891), што крытыкуе як лібэралізм, так і сацыялізм і падцвярджае правы працоўных на самаарганізацыю, адзначаючы пры гэтым, што найбольш эфэктыўнай формай такога самакіраваньня павінны стаць каталіцкія прафсаюзы.

Папа Рымскі Пій XI (1922-1939) умацоўвае традыцыю хрысьціянскай сацыяльнай думкі сваёй публікацыяй “Quadragesima Amo” (1931): энцыкліка паўтарае крытыку лібэральнага індывідуалізму і сацыялістычнага  калектывізму, зробленую Львом XIII, і пацвярджае ўхваленыя Львом правы працоўных на самаарганізацыю. Найбольш уплывовым чыньнікам становіца аргумэнт Папы Рымскага на карысьць прынцыпу субсыдыярнасьці, што заклікае дзяржаву да дэцэнтралізацыі сацыяльных функцыяў і садзейнічаньню асацыяцыям ніжэйшага ўзроўня тыпу сям’і, прафэсійных групаў і мясцовага самакіраваньня.

 

***

У Нямеччыне найбольш уплывовым прадстаўніком хрысьціянска-дэмакратычнага мысленьня ХІХ стагодзьдзя зьяўляеца Вільгельм фон Кетэлер, біскуп горада Майнц. У сваіх пропаведзях і лістах Кетэлер крытыкуе лібэралізм за прыніжэньне працоўнай сілы да статусу тавара і ігнараваньне сацыяльных абавязкаў уласнасьці. Ён таксама нэгатыўна выказваеца ў адрас сацыялізму, крытыкуючы апошні за прынцып надаваньня дзяржаве задужа вялікіх паўнамоцтваў і ігнараваньне перавагаў шырокага ўкараненьня прыватнай уласнасьці. Заклікаючы да фармаваньня каапэратываў і асацыяцыяў працоўных, Кетэлер пераконвае каталікоў удзяляць асаблівую ўвагу праблемам працоўнае класы.

Заснавальнікам першай ў Эўропе хрысьціянска-дэмакратычнай партыі, незалежнай ад царквы і выступаючай за сацыяльныя рэформы, стаў у 1919 г. Люіджы Стурцо, каталіцкі сьвятар і палітычны актывіст. Народная партыя Італіі (менавіта такую назву пачало насіць новае палітычнае ўтварэньне) атрымлівае значную падтрымку на выбарах, захоўваючы папулярнасьць аж да свайго вымушанага роспуску Ватыканам, што ў той час нэгатыўна ставіўся да ўдзелу каталікоў у палітычным жыцьці. Народная партыя Італіі становіцца своеасаблівым ідэалягічным падмуркам для зьяўленьня Італьянскай Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі, узьніклай неўзабаве пасьля Другой сусьветнай вайны. Працэс стварэньня падобных партыяў пазьней шырока разгортваеца ў Эўропе і Лацінскай Амэрыцы.

У 1924 году, пасьля трыюмфу Бэніта Мусаліні, Стурцо вымушаны выехаць у выгнаньне, за час якога ў Парыжы засноўвае міжнароднае палітычнае аб’яднаньне, сярод актывістаў якога – італьянец Альчыдо Дэ Гаспэры, француз Робэрт Шуман і немец Конрад Аденаўэр.

 

Жак  Марыта і пасьляваенная Эўропа

Тэарэтыкам, які зрабіў найбольшы ўклад у выразнае пісьмовае фармуляваньне хрысьціянска-дэмакратычнай думкі, стаў францускі каталіцкі філёзаф Жак Марыта (1882-1973). Будучы ў той час ужо добра вядомым дзякуючы працам на тэму філязофіі Фамы Аквінскага, Марыта пачынае свае распрацоўкі ў галіне палітычнай думкі ў другой палове 1930-х. Яго найбольш вядомыя працы на гэтыя тэмы: “Усеахопны гуманізм” (1936), “Хрысьціянства і дэмакратыя” (1942), “Правы чалавека і натуральнае права” (1943) і “Чалавек і дзяржава” (1951) адстойвалі прынцыпы пэрсаналісцкай, камунітарнай і плюралістычнай сацыяльна-палітычнай філязофіі, якая базуеца на галоўных прынцыпах хрысьціянства як самай трывалай асновы чалавечай свободы.

Пэрсаналісцкая канцэпцыя чалавечай прыроды перавышае лібэральны індывідуалізм і сацыялістычны калектывізм, пераконваў Марыта, бо заснаваная на  слушным поглядзе на чалавечую асобу. Дэмакратыя, паводле яго глыбокага перакананьня, зьяўляеца палітычнай структурай, якая найбольш адпавядае разьвіцю і волевыяўленьню чалавечай годнасьці і свабоды, і менавіта таму лепш, чым іншыя формы кіраваньня, спрыяе дасягненьню агульнага дабра. Гэтае дабро прадугледжвае рэлігійны плюралізм і неўмяшальніцтва дзяржавы ў разнастайныя грамадзкія ініцыятывы, разам з такімі агульнапрызнанымі свабодамі, як свабоды мысьленьня, слова і збораў, што зьяўляеца адлюстраваньнем дадзенай Богам свабоды. Падтрымліваючы Арыстотэля і Фаму Аквінскага, Марыта даказваў, што прыватная ўласнасьць – ня толькі натуральнае права, але і прадмет сацыяльных абавязкаў.

Такім чынам, хрысьціянскія дэмакраты ўспадкоўваюць ад Марыта прынцып “адказнасьці”: ідэю аб тым, што асоба павінна разьвівацца праз адказнасьць перад іншымі людзьмі, асабліва перад сям’ёй і найбліжэйшым асяродзьдзем (сябрамі, калегамі).

Хрысьціянскія дэмакраты адрозьніваюцца ад кансэрватараў сваім прынцыпам “салідарнасьці” – перакананьнем, што толькі сьцвярджэньне  салідарнасьці, якое праймае ўсе пласты грамадзтва, уключаючы салідарнасьць багатага з больш бедным, робіць магчымым паўнавартаснае развіцьцё чалавецтва. Гэта азначае працу над паляпшэньнем сацыяльных умоў і не ў апошнюю чаргу прызнаньне ролі прафсаюзаў. Большасьць хрысьціянска-дэмакратычных партыяў (за выключэньнем хіба што Нямеччыны) маюць моцнае прафсаюзнае “крыло”. Эўрапейская Народная партыя (European People’s Party – ЕРР) – аб’яднаньне хрысьціянска-дэмакратычных партыяў Эўрапейскага Зьвязу – падтрымлівае праграмы сацыяльнага дзеяньня Эўразьвяза.

Іншы прынцып, якога прытрымліваюца хрысьціянскія дэмакраты –  “субсыдыярнасьць”: ідэя аб тым, што дзяржаўная ўлада павінна быць дэцэнтралізавана як мага больш, але ў той жа час можа дасягнуць найвышэйшай канцэнтрацыі, нават наднацыянальнага ўзроўню, калі гэтага патрабуе складаная палітычная або эканамічная сытуацыя.

Працы Марыта ваеннага пэрыяду на палітычныя тэмы перакладаюца на многія мовы і адразу ж пасьля Другой Сусьветнай вайны становяца крыніцай натхненьня для ізноў створаных хрысьціянска-дэмакратычных партый, якія перажываюць  працэс свайго “другога нараджэньня”, маючы шалёную папулярнасьць на выбарах ува ўсе органы ўлады. Відавочны водгук новая плынь мае ў краінах, дзе хрысьціянскія каштоўнасьці найбольш папакутвалі ад нацызму і дзе здавалася відавочнай пагроза “камуністычнага прышэсьця”.

Паказальна, што хрысьціянская дэмакратыя найбольшых посьпехаў дасягнула ў посттаталітарных краінах – Нямеччыне, Італіі (хрысьціянскія дэмакраты менавіта гэтых краінаў сталі заснавальнікамі Эўразьвязу), а таксама ў Лацінскай Амэрыцы, дзе менавіта хрысьціянскія дэмакраты прыходзілі на зьмену таталітарным хунтам, напрыклад – у Чылі пасьля Піначэта.

Пасьля краху камуністычнага рэжыму ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ў 1989 г. хрысьціянска-дэмакратычныя партыі зьяўляюца на тэрыторыі колішняга СССР і ва ўсходнеэўрапейскіх краінах.

 

Міжнародныя структуры

На сёньня ў Эўрапарлямэнце неабходнасьць супрацьстаяньня эўрапейскім левым прымусіла Эўрапейскую народную партыю (ЕРР), што уключае толькі ХД-партыі Эўрапейскага Звязу, заключыць хаўрус з ірляндзкай “Fine Gael”, грэцкай “Nea Demokratia” (“Новая Дэмакратыя”) і гішпанскай Народнай партыяй, ні адна зь якіх ня мае рэлігійнай афарбоўкі. Пасьля апошніх выбараў у Эўрапарлямэнт дэпутаты ад брытанскіх кансэрватараў заявілі аб уваходжаньні ў фракцыю Эўрапейскай народнай партыі.

Узгадваючы іншыя міжнародныя структуры, якія аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах хрысьціянаў-дэмакратаў, варта назваць Хрысьціянска-дэмакратычны Інтэрнацыянал (CDI) – сусьветную арганізацыю хрысьціянска-дэмакратычных партыяў; Моладзь эўрапейскай народнай партыі (YEPP) – зьвяз маладзёвых хрысьціянска-дэмакратычных арганізацыяў; Міжнародную асацыяцыю хрысьціянскіх прадпрымальнікаў і Сусьветную канфэдэрацыю працы (папярэдняя назва – Міжнародная фэдэрацыя хрысьціянскіх прафсаюзаў).

Болей навін