Кіраўнік ТРК “Магілёў” падчас тэледэбатаў зрываў выступ даверанай асобы прамоўцы БХД
23 жніўня ў Магілёве галоўны рэдактар тэлерадыёкампаніі “Магілёў” Андрэй Скарабагатаў падчас запісу тэледэбатаў зрываў выступ даверанай асобы прамоўцы БХД па Крычаўскай акрузе № 83 Таццяны Шамбалавай – Віталя Рымашэўскага.
Сама Таццяна Шамбалава ў тэледэбатах удзельнічаць не магла, таму за яе выступаў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Пасля ж таго, як палітык заявіў, што галоўнай задачай незалежнага парламенту мусіць стаць імпічмент Аляксандру Лукашэнку і абмежаванне тэрмінаў прэзідэнцкага кіравання, Андрэй Скарабагатаў у парушэнне заканадаўства пачаў перабіваць і паралельна размаўляць з выступам Віталя Рымашэўскага.
Пры гэтым таймер, які фіксаваў час выступу сустаршыні БХД, не спыняўся, пры тым, што кожнаму кандыдату даецца роўна па пяць хвілін эфіру для выступу.
“Магілёўскае тэлебачанне нагадвае ўпраўленне састарэлага калгасу. Перад запісам тэледэбатаў вядоўца распавядаў як пра дасягненне тэлерадыёкампаніі тое, што іх некаторыя перадачы маюць 2 тыс. праглядаў на Youtube. Пры тым, што толькі пад маімі пастамі некаторыя відэа ў Facebook праглядае больш за 600 чалавек. І рэгіянальнаму тэлебачанню ганарыцца такімі “дасягненнямі” проста сорамна. Падчас жа тэледэбатаў пасля словаў пра імпічмент вядоўца пачаў сутаргавыя спробы перашкаджаць мне прамаўляць, што з’яўляецца грубым парушэннем заканадаўства. У дэбатах таксама ўдзельнічала праўладная кандыдатка, увесь месідж якой зводзіўся да таго, што ў парламенце яна будзе выконваць дырэктывы Лукашэнкі. Безумоўна, што ёй ніхто не замінаў выступаць”, – падкрэсліў Віталь Рымашэўскі.
“Сёння мы падаем скаргу, бо вядоўца парушыў нормы заканадаўства. Яго паводзіны прадэманстравалі, што ў нас няма тэлебачання, у нас ёсць прапагандысцкія каналы”, – заявіла Таццяна Шамбалава.