Марына Хоміч: Хопіць з Беларусі палітвязняў! (відэа)
Лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў, прамоўца БХД па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104 у Менску Марына Хоміч у сваім тэлевыступе 25 жніўня нагадала, што ў Беларусі дагэтуль ёсць палітвязні.
“Хопіць з Беларусі палітвязняў! Мы будзем дабівацца вызвалення Эдуарда Пальчыса, Дзмітрыя Паліенкі і іншых несправядліва зняволеных грамадзян Беларусі”, – заявіла яна.
Пры гэтым прамоўца БХД заклікала гледачоў задаць сабе пытанне: ці ёсць шанец у простага грамадзяніна дамагчыся праўды, калі ён будзе судзіцца, напрыклад, з сынам гарадскога кіраўніка? “Беларускія суды выносяць апраўдальных прысудаў меней, чым у часы Сталіна. Гэта ганьба! Значыць, у нас няма незалежных судоў”, – падкрэсліла Марына Хоміч, заявіўшы пра неабходнасць аднавіць незалежныя суды, якія не будуць адпраўляць за краты невінаватых.
“Суды павінны мець магчымасць караць за парушэнне закону любога з чыноўнікаў, ад прэзідэнта да кіраўніка Цэнтрвыбаркаму”, – дадала лідар МХД.