У віцебскім Білеве прайшоў пікет дзіцячых мараў (фота)
“У Білеве няма. А я мару…”. Пад такой назвай у мікрараёне Білева Віцебска прайшоў пікет прамоўцы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акрузе №18 Таццяны Севярынец. Галоўнымі дзеючымі асобамі сталі дзеці, якія пражываюць у мікрараёне. Іх проста запрашалі падыйсці і намаляваць свае мары.
“Білева – мікрараён новы. Акрамя шматпавярховікаў, у якіх пражываюць у асноўным маладыя сем’і, на амаль 40 тыс. жыхароў ёсць адна школа, два дзіцячыя садкі, маленькае паштовае аддзяленне і шмат крамаў. Ні даўно абяцанага паліклінічнага комплексу, ні новых, даўно запланаваных садкоў і школы”, – распавяла bchd.info Таццяна Севярынец.
На малюнках дзяцей апынуліся тая ж паліклініка, і новая школа, і дзіцячы садок, і вялікая бібліятэка, і спартовыя пляцоўкі, і школа мастацтваў, і басейн, і нават аквапарк. А актывісты заклікалі дзяцей дапамагчы ўпрыгожыць Білева сваімі рукамі: пасадзіць дрэвы, прыбраць смецце.
“Пасля пікету адбылася нешматлікая сустрэча з дарослымі білеўцамі. Бацькі гэтых дзетак ужо ні ўва што не вераць: ні ў справядлівасць выбараў, ні ў перамены – ім бы пракарміць гэтых шчабятуноў ды неяк выправіць у школу. А імправізаваная выстава малюнкаў засталася. Магчыма, адгукнуцца мары маленькіх білеўцаў у нечых сэрцах”, – адзначыла прамоўца БХД.