Прамоўцы БХД – адныя з нямногіх, хто публікуе свае праграмы па-беларуску
З 60-і надрукаваных праграм кандыдатаў у газеце “Вечерний Минск” толькі праграма прамоўцы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Дамброўскай акрузе № 103, лідара Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольгі Кавальковай была надрукаваная па-беларуску.
Таксама, як адзначыў намеснік старшыні аргкамітэту ХДР, прамоўца БХД па Коласаўскай акрузе № 106 Максім Гацак, на момант адкрыцця кандыдацкага рахунку ў аддзяленні “Беларусбанка” па адрасе праспект Незалежнасці 56 ён быў адзіным, хто папрасіў аформіць яго дакументы па-беларуску. Усе астатнія, па словах аперацыяніста, задаволіліся рускамоўнымі дакументамі. Сваю праграму ён публікаваў у газеце “Звязда” таксама па-беларуску.
“Нам важна, каб людзі бачылі альтэрнатыву існуючай дзяржаўнай палітыцы ў моўнай сферы. Шмат хто з менчукоў прагне бачыць беларускую мову на старонках сталічных газет і чуць яе на вуліцах нашага горада. Наша задача – аб’яднаць гэтых людзей і даць ім надзею, што беларуская мова зойме належнае месца ў нацыянальнай дзяржаве беларусаў. Сама я карыстаюся ў штодзённым жыцці дзвюма мовамі і падтрымліваю магчымасць выбару мовы для карыстання ў штодзённым жыцці. Аднак зараз беларуская мова патрабуе падтрымкі, і хрысціянскія дэмакраты заўсёды будуць абараняць адну з найвялікшых нацыянальных каштоўнасцяў – нашу родную матчыну мову”, – падкрэсліла Вольга Кавалькова.