Віцебскія правацэнтрысты: знятае міліцыянтамі відэа выкарыстоўваюць для абраз кандыдатаў

30 жніўня 2016 09:23  |  Палітыка

Віцебскія правацэнтрысты: знятае міліцыянтамі відэа выкарыстоўваюць для абраз кандыдатаў

Віцебскія прамоўцы Правацэнтрысцкай кааліцыі ад Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Руху “За Свабоду” Таццяна Севярынец, Георгій Станкевіч і Алена Шабуня звярнуліся ў пракуратуры з просьбай знайсці і прыцягнуць да адказнасці асоб, якія абразілі іх гонар і годнасць, змясціўшы ў сацсетцы “Вкантакце” і на Youtube кліп “Татьяна Севяринец и Георгий Станкевич. БХД. Новое видео. Ржунемогу”. Таксама пра гэта яны паведамілі прадстаўнікам місіі АБСЕ.

У заяве адзначаецца, што невядомыя аўтары відэа выкарысталі службовае відэа, знятае палкоўнікам міліцыі І.Скарыновічам пад іх пікету па збору подпісаў 27 ліпеня. Паводле кандыдатаў, гэтае відэа ім дэманстравалі ў Кастрычніцкім РАУСе 8 жніўня, куды іх выклікалі для размовы па рапарце палкоўніка І. Скарыновіча нібыта за парушэнне “Закону аб масавых мерапрыемствах” ч.1 арт 23.34 КаАП.

“Пасля размовы адміністрацыйная справа ў дачыненні да нас была зачынена. Але мы, Таццяна Севярынец і Алена Шабуня, накіравалі скаргі ў УВД Віцебскага аблвыканкаму на дзеянні палкоўніка міліцыі І.Скарыновіча. Пасля гэтага, як нам паведамілі з УВД, справа была зноўку распачатая”, – адзначаюць прамоўцы.

У відэакліпе службовае відэа змешчана з заменай гукавога шэрагу, дзе гучаць нецэнзурныя словы нібыта ад імя Таццяны Севярынец і Георгія Станкевіча. “Лічым гэта гнюснай абразай нашага гонару і годнасці ды яшчэ пад час агітацыйнага перыяду выбарчай кампаніі. Тое, што менавіта службовае відэа выкарыстана для абразы, дае нам права думаць, што да гэтай правакацыі маюць непасрэднае дачыненне прадстаўнікі сілавых структур Віцебска”, – гаворыцца ў заяве.

Болей навін