1-2 верасня Беларусь наведае прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль
Прэзідэнт Еўрапейскай народнай партыі Жазэф Доль 1-2 верасня здзейсніць візіт у Беларусь. Пра гэта паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі 29 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.
«Еўрапейскі палітык плануе падчас візіту зрабіць маніторынг праходзіць выбарчай кампаніі, а таксама выказаць падтрымку сваім партнёрам у Беларусі», – сказаў ён.
Па словах Рымашэўскага, Доль плануе 1 верасня наведаць пікет, які а 17:00 намер правесці каля ЦУМа Правацэнтрысцкая кааліцыя. У гэтую структуру, акрамя БХД, уваходзяць рух «За Свабоду» і Аб’яднаная грамадзянская партыя.
2 верасня Доль возьме ўдзел у сумеснай прэс-канферэнцыі з лідарамі правацэнтрысцкай кааліцыі.
Мяркуецца, што ў Доля адбудуцца сустрэчы і з прадстаўнікамі ўладаў.
Еўрапейская народная партыя (ЕНП) – правацэнтрысцкая агульнаеўрапейская палітычная партыя, заснаваная ў 1976 годзе. Уключае ў сябе хрысціянска-дэмакратычныя і кансерватыўныя партыі краін Еўропы. ЕНП – адна з найбуйнейшых партый Еўропы, прадстаўленая ва ўсіх палітычных інстытутах Еўрапейскага саюза, а таксама ў Радзе Еўропы.
Правацэнтрысцкая кааліцыя: выбары праходзяць па звыклым сцэнары фальсіфікацый
Народ Беларусі пазбаўлены права і магчымасці праз справядлівыя, свабодныя і дэмакратычныя выбары самастойна кіраваць краінай, абіраючы дэпутатаў парламента. Пра гэта гаворыцца ў праекце заявы кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных партый.
«Дакумент ужо падрыхтаваны, зараз праходзіць яго падпісанне кандыдатамі», – паведаміла прэс-сакратар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна 29 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
«Кіруючы рэжым не выканаў ні адну з рэкамендацый АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, і на практыцы выбары праходзяць па ўжо звыклым сцэнары фальсіфікацый народнага волевыяўлення, пры поўным кантролі вертыкалі і пры папушчальніцтве судоў, пракуратуры і органаў аховы правапарадку», – зачытала яна тэкст заявы, падрыхтаванай правацэнтрысцкай кааліцыяй.
У кааліцыю, акрамя АГП, уваходзяць рух «За Свабоду» і аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
У дакуменце адзначаецца, што замест неабходнага для пераадолення сістэмнага крызісу дыялогу з прадстаўнікамі ўсіх палітычных і грамадскіх сіл краіны «аўтарытарны рэжым працягвае палітыку эскалацыі агрэсіі ў дачыненні да сваіх грамадзян, палітычных апанентаў і ўсіх незалежных ад улады структур грамадзянскай супольнасці».
Беларускі парламент, на думку правацэнтрысцкай кааліцыі, «застаецца дэкаратыўным інстытутам», закліканым «абслугоўваць уладную вертыкаль, а не прадстаўляць інтарэсы грамадзян краіны».
Правацэнтрысты заяўляюць, што выбары не могуць быць справядлівымі, свабоднымі і дэмакратычнымі, пакуль у краіне няма свабоды прэсы; пераследуецца іншадумства, абмяжоўваюцца правы палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, незалежных прафсаюзаў; ігнаруюцца гарантаваныя міжнароднымі дамовамі, Канстытуцыяй і заканадаўствам права грамадзян на свабоду асацыяцый, мітынгаў і сходаў.
У заяве таксама адзначаецца, што кандыдаты ў дэпутаты ад кааліцыі не могуць разглядаць кампанію, якая адбываецца як рэальныя выбары.
У сувязі з гэтым яны працягваюць у ёй удзел з мэтай інфармавання грамадзян краіны аб згубнасці курсу аўтарытарнага рэжыму; атрымання аб’ектыўнай ацэнкі правядзення выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнiкоў; інфармавання грамадзян краіны пра ўскрытыя фактах парушэнняў, злоўжыванняў, фальсіфікацый; атрымання грамадскай падтрымкі альтэрнатыўных праграм развіцця краіны.