Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя і яе пачаткі

13 кастрычніка 2009 23:29  |  Артыкулы

На пачатку ХХ стагоддзя, калі актывізаваўся беларускі нацыянальна-адраджэнскі рух, пачаўся і беларускі хрысціянскі рух, перш за ўсё ў асяроддзя маладога беларускага каталіцкага духавенства.

                        Беларускі нацыянальны каталіцкі рух пачаўся ў дзвюх вучэннях: у Віленскай каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, дзе вучылася і беларуская моладзь (часцей за ўсё сялянскага паходжання). У гэтых вучэльнях утварыліся беларускія гурткі. У 1911 г. рэктар Віленскай семінарыі афіцыйна прызнаў існаванне беларускага гуртка і дазволіў яму мець беларускую бібліятэчку. У Каталіцкай духоўнай акадэміі ў Пецярбургу беларускі гурток стварыўся ў 1912 г., а ў 1914 г. ужо налічваў 70 сяброў і меў вялікую бібліятэку, у тым ліку каталіцкія кнігі і часопісы. Дзейнасць гуртка была актыўнай дзякуючы падтрымцы прафесара Браніслава Эпімаха-Шыпілы.

            У 1907-1909 гг. у Інсбруку (Аўстрыя) і Мюнхене (Баварыя) існавалі гурткі беларускіх навучэнцаў, якія набывалі вышэйшую адукацыю на тэалагічных факультэтаў універсітэтаў гэтых гарадоў. У студзені 1913-ліпені 1915 гг. у Вільні, дзякуючы намаганням беларускіх каталіцкіх святароў, выдавалася штотыднёвая газета “Беларус”, у якой друкаваліся творы Змітрака Бядулі, Уладзіслава Галубка, Алеся Гаруна, Казіміра Сваяка (ксёндз Канстанцін Стаповіч), Андрэя Зязюлі (ксёндз Аляксандр Астраповіч) і іншых. Газета заклікала католікаў працаваць для беларускай справы. Шмат вершаў, змешчаных у ёй, было прысвечана рэлігійнай тэматыцы. Газета друкавалася лацінкай і была разлічана пераважна на каталіцкую частку беларускіх сялянаў і інтэлегенцыі. Яна мела нацыянальна-дэмакратычны кірунак. Выдаваліся і беларускія рэлігійныя кніжкі, катэхізмы, малітоўнік “Бог з намі”. Беларуская літаратура друкавалася лацінскім шрыфтам.

            У Гародні пры мясцовай гімназіі ў 1909-1914 гг. таксама існаваў беларускі гурток “Хатка” пад апекай ксяндза Францішка Грынкевіча. Моладзь у гэтым гуртку ладзіла беларускія вечарыны, гутаркі, а ў 1913 г. выдавала і сваю невялічкую газету “Колас нашай нівы”.

            Менавіта ў гэты перыяд адраджэнскага руху і пазней адзначыліся сваёй нацыянальнай свядомасцю каталіцкія святары, выхадцы з Беларусі, якія скончылі Віленскую духоўную семінарыю і Каталіцкую духоўную акадэмію ў Пецярбургу. Гэта былі Адам Станкевіч, Станіслаў Глякоўскі, Антон Шышка, Канстанцін Стаповіч, Язэп Германовіч, Фабіян Абрантовіч, Аляксандр Астрамковіч і іншыя.

            Ужо ў гэты перыяд у асобных касцёлах Віленскай і Менскай дыяцэзій вернікі спявалі рэлігійныя песні на беларускай мове. У 191(4) г. газета “Наша ніва” змясціла патрабаванне аб пераводзе набажэнстваў у праваслаўнай Царкве і каталіцкім Касцёле на беларускую мову.

            У верасні 1915 г., падчас першай сусветнай вайны, Заходняя Беларусь была акупавана нямецкімі войскамі. Каталіцкі Касцёл там захоўваў сваё становішча. Пачынаючы з 1917 г., ва ўсходняй і цэнтральнай частках Беларусі каталіцкі Касцёл апынуўся ў новых абставінах. Адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. у Расіі Часовы ўрад сваім дэкрэтам надаў Касцёлу такія ж правы, як і Царкве. Часовы ўрад дазволіў аднавіць адміністрацыі каталіцкіх дыяцэзій (біскупстваў). Касцёлу была вернута маёмасць, раней канфіскаваныя будынкі, дазволена дзейнасць манаскіх ордэнаў.

            Рэлігійная праца суправаджалася і грамадска-палітычнай. Яшчэ ў 1915 г. у заходняй частцы Беларусі, акупаванай нямецкімі войскамі, была створана грамадская арганізацыя “Хрысціянская злучнасць”. Сярод яе арганізатараў быў віленскі біскуп Э. Рон, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, ксёндз Аляксандр Астрамовіч ды іншыя. У склад “Хрысціянскай злучнасці” увайшлі прадстаўнікі буржуазіі, землеўладальнікаў, сярэдніх гарадскіх пластоў, рабочых і сялян. Арганізацыя мела ліберальна-канстытуцыйны напрамак.

            Ужо ў траўні 1917 г. у Петраградзе клерыкальнымі дзеячамі з інтэлегенцыі, блізкай да Каталіцкай духоўнай акадэміі, была створана беларуская клерыкальная дэмакратычная нацыянальная партыя – Хрысціянская дэмакратычная злучнасць, якая пазней стала называцца Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД). Дзейнасць яе хутка была перанесена ў Менск, дзе з 1916 г. актывізавалася грамадска-палітычная праца каталіцкага духавенства.

            24-25 (па некаторых звестках 24-26) траўня 1917 г. у Менскім кафедральным касцёле, калі была адноўлена Менская дыяцэзія, адбыўся з’езд беларускага каталіцкага духавенства, на якім сабраліся 30 чалавек. Адзін з арганізатараў з’езда, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, прачытаў на з’езде два рэфераты: 24 траўня “Акцыя палітычна-народная каталіцкага духавенства на Беларусі ў нашых часах” і 25 траўня – “Стварэнне каталіцкай партыі”. Разам з гэтымі дакладамі на з’езде абмяркоўваліся даклады ксяндза Адама Станкевіча аб беларускім руху і яго яго стасунках да касцёльнага жыцця і да каталіцкай працы, ксяндза Фабіяна Абрантовіча аб асветніцкай дзейнасці ды іншыя.

            Менскі з’езд фармальна завяршыў стварэнне хрысціняска-дэмакратычнай партыі, якая дзейнічала да ліпеня 1917 г. яна атрымала назву Беларуская Хрысціянска-Дэмакратычная Злучнасць (БХДЗ), а потым Беларуская Хрысціянская дэмакратыя. З’езд прыняў пастановы аб арганізацыі Хрысціянска-Дэмакратычнай партыя, аб беларусізацыі каталіцкага Касцёлу на ўсёй прасторы Беларусі, аб імкненні (на той час) шырокай аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай Рэспублікі. Былі таксама прыняты рашэнні аб навучанні клерыкаў-беларусаў па-беларуску, заснаванні беларускіх газет і часопісаў, кніжак каталіцкага напрамку.

            Было таксама прынята рашэнне аб заснаванні партыйнай газеты. Яна і пачала выдавацца ў Пецярбургу 8 (21) кастрычніка 1917 г. пад назвай “Крыніца” пад рэдакцыяй ксяндза Л. Хвецькі. № 3 газеты ў 1918 г. быў выдадзены ў Менску, а з 7 верасня 1919 г. да 12 ліпеня 1940 г. у Вільні (з перапынкамі з красавіка 1937 да 16 лістапада 1939 гг.). да 1925 г. і з 17 лістапада 1939 г. называлася “Крыніца”, а ў 1925-1937 гг. – “Беларуская Крыніца”. “Крыніца” выходзіла раз у тыдзень, друкавалася то лацінкай, то кірыліцай, у 1934-1937 гг. і 1939 г. – двума шрыфтамі адначасова. Рэдактарамі газеты ў розны час былі В. Васілеўскі, У. Знамяроўскі, Я. Пазняк, А. Станкевіч, Б. Туронак і іншыя.

            Разлічана была “Крыніца” на сялян, інтэлегенцыю, жыхароў Заходняй Беларусі і беларусаў у эміграцыі. Газета адстойвала агульнадэмакратычныя свабоды, патрабаванні свабоды друку, дэманстрацый, 8-гадзіннага рабочага дня, перадачы ва ўласнасць беззямельным і малазямельным сялянам памешчыцкай зямлі. “Крыніца” шмат увагі аддавала нацыянальнаму пытанню, падтрымлівала развіццё беларускай літаратуры і мастацтва, асветы і гістарычнай навукі, а таксама вяла работу па кансалідацыі беларусаў-католікаў і беларусаў-праваслаўных. Паводле заявы Б. Туронка, газета ніколі не здраджвала сваім хрысціянска-дэмакратычным ідэалам.

            БХД удзельнічала ў палітычным жыцці Беларусі. Прадстаўнікі партыі ўваходзілі ў Беларускі Нацянальны Камітэт, а потым ў Вялікую Беларускую Раду, займалі патрыятычныя і дэмакратычныя пазіцыі. БХД удзельнічала і ва Усебеларускім з’езде ў Менску ў снежні 1917 г. БХД вітала акт 25 сакавіка 1918 г., які абвяшчаў незалежнасць Беларусі. Яе дзеячы пачалі беларусізацыю Касцёла.

            Аднак ужо ў студзені 1918 г. пачаліся абмежаванні ў дзейнасці цэркваў. Савецкая ўлада перадала ўсе царкоўныя будынкі і святыні ва ўласнасць дзяржавы, была зачынена Каталіцкая духоўная акадэмія ў Пецярбургу, зачыняліся семінарыі і нешматлікія каталіцкія школы.

            Але на Беларусі гэтыя абмежаванні былі спыненыя, калі ў лютым – пачатку сакавіка 1918 г. амаль усю яе тэрыторыю акупавалі нямецкія войскі. Новая ўлада аднавіла ранейшае становішча Касцёла, як і праваслаўнай царквы. Шырока разгарнула сваю дзейнасць і Беларуская хрысціянская дэмакратыя. Яна адчыняла беларускія школы, прытулкі і кааператывы. У 1918 г. у Менску адчынілася Каталіцкая духоўная семінарыя на чале з ксяндзом Фабіянам Абрактовічам. Амаль усе навучэнцы ў ёй былі беларусамі.

            У 1918 г., падчас існавання Беларускай Народнай Рэспублікі, беларуская мова пачала ўжывацца ў каталіцкіх святынях. У Менску служылі некалькі святароў-беларусаў. Сярод іх былі ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, удзельнік Усебеларускага з’езду, ксёндз Фабіян Абрантовіч, ксёндз Андрэй Цікота. Яны гаварылі казанні і вялі навучанне рэлігіі на беларускай мове. У Менскім кафедральным саборы гаварыў казанні і чытаў Евангелле па-беларуску менскі біскуп Зыгмунт Лазінскі (6 снежня 1918 г.). падчас імшы беларускія рэлігійныя песні спяваў хор пад кіраўніцтвам рэктара ксяндза Фабіяна Абрантовіча, які, дарэчы, быў прыяцелем Янкі Купалы.

            Асабліва актыўна дзейнічала БХД у другой палове 1919 – першай палове 1920 гг. у Менску, які тады знаходзіўся пад кантролем польскіх войскаў. Згодна з планамі начальніка Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскага стварыць федэрацыю саюзных з Польшчай дзяржаў, у тым ліку і Беларусі, у гуртках БХД пры каталіцкай духоўнай семінарыі дзейнічала да 500 чалавек. У 1920 г. была надрукавана кніжка “Устава і праграма Беларускай Хрысціянска-Дэмакратычнай Злучанасці”, створаная пад уплывам Заходнееўрапейскай хрысціянска-дэмакратычнай сацыяльнай дактрыны. Большасць пунктаў гэтай праграмы тычылася спраў рабочых. Ставіліся задачы стварыць рабочае заканадаўства, заснавання рабочых прафсаюзаў, годнай зарплаты, пенсій, водпускаў па хваробе і цяжарнасці. У 2-м пункце праграмы БХД гаварылася, што “…хрысціянская дэмакратыя змагаецца перад усімі з капіталізмам, у каторым бачыць адну з найважнейшых прычын беднасці і галечы працоўных мас, і хоча завесці такі лад, каб кожнаму чалавеку магчыма было сваёй працай здабыць сабе хлеб патрэбны і карыстацца з усяго культурнага багацця”.

            У 2-й праграме (1927 г.) гаварылася, што “БХД імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку”. З другой паловы 20-х гадоў БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-палітычную арганізацыю. У 1936 г. была зменена назва на Беларускае Нацыянальнае аб’яднанне.

            Беларусізацыя касцёла была хутка спынена. У 1920 г. пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць каталіцкага духавенства і ліквідацыя каталіцкага Касцёла ўвогуле. У 1939 г. у рэспубліцы ў дзейнасці фармальна незачыненых Касцёлаў ужо не было ніводнага ксяндза.

            У Заходняй Беларусі, якая ў кастрычніку 1920 г. (паводле мірнага пагаднення з Савецкай Расіяй) адышла да Польшчы, каталіцызм развіваўся ў польскім нацыянальным духу. Аднак у першай палове 20-х гг. яшчэ пераследу беларусаў-ксяндзоў не было. У 1926 г. мітрапалітам, віленскім арцыбіскупам быў прызначаны Рамуальд Яблжыхоўскі, які адразу пачаў праводзіць антыбеларускі курс у сваёй архідыяцэзіі. Былі забаронены казанні на беларускай мове, а ксяндзоў-беларусаў пераводзілі ў парафіі з польскім насельніцтвам. У Віленскай духоўнай семінарыі ўзмацнілася паланізацыя. Р. Яблжыхоўскі забараніў беларусам-католікам уступаць у Беларускую хрысціянскую дэмакратыю і асуджаў каталіцкую газету “Беларуская Крыніца”. Ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі за сваю нацыянальна-рэлігійную дзейнасць быў двойчы арыштаваны і ў 1927 г. асуджаны на два гады турэмнага зняволення. Урэшце беларускія казанні засталіся толькі ў Касцёле св. Мікалая ў Вільні, дзе адбываліся набажэнствы для беларусаў і летувісаў. І ў 1939-1941 гг., калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад БССР, Касцёл тут меў польскіх ксяндзоў, якія не дапускалі яго беларусізацыі. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР шмат сяброў БХД-БНА было рэпрэсавана.

            Толькі ўжо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь у 90-х гадах ХХ ст. пачалася паступовая беларусізацыя касцёла.

 

Болей навін