Хрысціянскія дэмакраты патрабуюць забараніць продаж алкаголю на выбарчых участках
Менскія прамоўцы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, лідары Хрысціянска-дэмакратычнага руху Вольга Кавалькова і Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч 2 верасня перадалі ў межах кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю” ў Менгарывыканкам 500 подпісаў за забарону продажу алкагольных напояў на ўчастках для галасавання і за 500 метраў ад іх.
Подпісы збіраліся падчас пікетаў прамоўцаў БХД.
“У ніводнай цывілізаванай краіне на выбарчых участках не прадаюць алкаголь. У Нарвегіі ўвогуле ў дзень выбараў забаронены продаж алкаголю. І Беларусь таксама павінна імкнуцца да таго, каб грамадзяне рабілі цвярозы выбар. Заканадаўства забараняе продаж алкаголю ў школах, дзе часцей за ўсё знаходзяцца выбарчыя ўчасткі, але падчас выбараў мясцовыя выканкамы дазваляюць гэты продаж. Мы лічым, што гэта павінна быць забаронена”, – адзначыла Вольга Кавалькова.
“Толькі п’яная краіна можа галасаваць за такую ўладу”, – падкрэсліла Марына Хоміч.