Парушэнняў пры запісе тэледэбатаў не знойдзена, – Магілёўскі аблвыбаркам
Старшыня Магілёўскай абласной камісіі па выбарах Валерый Берастаў паведаміў, што парушэнняў парадку запісу тэледэбатаў тэлерадыёкампаніяй “Магілёў” не выяўлена. Пра гэта сказана ў адказе на скаргу дэпутата па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Таццяне Шамбалавай, піша БелаПАН.
Нагадаем, Шамбалава абвінаваціла вядучага тэледэбатаў, галоўнага рэдактара тэлебачання Андрэя Скарабагатава ў стварэнні перашкод для выступу яе даверанай асобы Віталя Рымашэўскага пры запісе 23 жніўня.
Па словах Шамбалавай, Скарабагатаў перабіваў выступ Рымашэўскага, перакрыкваў, казаў паралельна з ім, не даючы цалкам выкарыстоўваць адведзены для выступлення час.
У той жа час да апаненткі Рымашэўскага – старшыні Крычаўскага раённага савета дэпутатаў Таццяне Марачковай – стаўленне было больш лаяльным, сцвярджае Шамбалава, угледзеўшы ў дзеяннях Скорабагатава дыскрымінацыю па палітычных матывах. Яна запатрабавала, у прыватнасці, перазапісу тэледэбатаў.
У сваю чаргу Скарабагатаў абверг сцвярджэнні Шамбалавай, заявіўшы, у прыватнасці, што Віталь Рымашэўскі цалкам выкарыстаў прадстаўлены час для свайго выступу пры запісе тэледэбатаў. Па словах галоўнага рэдактара, яго заўвагі Рымашэўскаму былі зробленыя акуратна і карэктна.
«Згодна з пунктам 34 палажэння аб арганізацыі і правядзенні перадвыбарных выступаў і тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, зацверджанага загадам дырэктара РУП «Тэлерадыёкампанія «Магілёў», вядучы мае права паставіць ці ўдакладніць пытанне, перапыніць выступ ўдзельніка ці даць слова», – гаворыцца ў адказе, які паступіў Шамбалавай з абласной камісіі па выбарах.
Там таксама адзначаецца, што парушэнняў запісу тэледэбатаў Скорабагатавым не выяўлена, «такім чынам, адпадае неабходнасць у перазапісу эфіру».