У Хоцімску толькі два дазволеныя месцы для пікетаў, на адно з іх кандыдата ад БХД не пусцілі (фота)
Прамоўца БХД па Крычаўскай акрузе № 83 Таццяна Шамбалава 2 верасня ў Хоцімску з сваёй камандай не змагла патрапіць на адно з двух месцаў, дазволеных для масавых агітацыйных мерапрыемстваў. Гарадскі стадыён апынуўся замкнуты на вялікі амбарны замок.
Паводле расповедаў мясцовага актывіста БНФ Валерыя Каранкевіча, які ўдзельнічаў у папярэдніх выбарчых кампаніях, раней стадыён не пуставаў: на ім пасвіліся коні, авечкі і казлы. А падчас цяперашняй кампаніі стадыён стаіць зачыненым на замок. Пры тым, што кандыдатка, згодна з заканадаўствам, за два дні паведаміла ў райвыканкам пра правядзенне агітацыйных пікетаў.
У Крычаўскую акругу ўваходзяць 4 раёны. У двух з іх (Крычаўскі і Клімавіцкі) масавая агітацыя дазволена амаль паўсюль, апроч кароткага спісу забароненых месцаў. А ў Чэрыкаўскім і Хоцімскім вызначаны толькі спіс дазволеных месцаў. У Чэрыкаве такіх 5, а ў Хоцімску – 2, і адно з іх аказалася зачыненым.
Разам з тым Таццяна Шамбалава разам з даверанымі асобамі правяла пікет на рынку Хоцімску. “У асноўным сустракаецца дзве рэакцыі людзей. Адны адклікаюцца станоўча, здзіўляюцца, што бачуць перад сабой саму кандыдатку. Іншыя кажуць: “А якая розніца? А што Вы зробіце? А што толку?” У асноўным жа настрой людзей меланхалічны: “Ад нас нічога не залежыць””, – адзначыла прамоўца.
Каманда кандыдата таксама наведала выбарчыя ўчасткі ў Хоцімску і Хоцімскім раёне: у вёсках Ельня, Бярозаўка і Баханы, размясцілі агітацыйныя матэрыялы ў памяшканнях участкаў, раздалі ўлёткі выбарцам, заклікаючы далучацца да кампаній БХД й назірання за выбарамі.
Пры гэтым на адзін з участкаў Таццяна Шамбалава не змагла патрапіць, зрэшты, як і сама ўчастковая камісія. Памяшканне Калінінскага ўчастка № 54, размешчанае ў адміністрацыйным будынку КДБУП “Хоцімская ПМК № 276”, аказалася заблакаваным для доступу. Калі кандыдатка з даверанымі асобамі прыйшла на ўчастак, каб размясціць там агітацыйныя матэрыялы, лесвіца, што вядзе да памяшкання камісіі, аказалася перагароджаная драўлянай перашкодай.
Прамоўца БХД паспрабавала датэлефанавацца да старшыні камісіі, але тэлефон быў недасягальным, намесніку старшыні – той не адказаў. На трэці званок адказала сакратарка камісіі Валянціна Варанцова. Яна патлумачыла, што камісія сама не змагла патрапіць у памяшканне ўчастка для галасавання. Паводле яе, Крычаўская акруговая камісія ведае пра сітуацыю.