Супраць Марыны Хоміч на тэледэбаты паслалі кандыдата з іншай акругі
3 верасня ў студыі Белтэлерадыёкампаніі адбыўся запіс тэледэбатаў кандыдатаў у дэпутаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе. Замест кандыдата ў дэпутаты ад Кампартыі Наталлі Цітовай у дэбатах у якасці яе даверанай асобы удзельнічаў Юры Круглік. Гэта з’яўляецца парушэннем ч. 4 арт. 76 Выбарчага кодэкса, бо Юрый Круглік сам з’яўляецца кандыдатам у дэпутаты па Сухараўскай выбарчай акрузе № 101, а даверанымі асобамі кандыдата ў дэпутаты не могуць быць кандыдаты ў дэпутаты.
Юрый Круглік тым самым таксама парушыў арт. 73 Выбарчага кодэкса, згодна з якім кандыдаты ў дэпутаты маюць роўныя правы.
У сувязі з гэтым спікер БХД па Кальварыйскай акрузе, лідар Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч звярнулася ў Мінскую гарадскую тэрытарыяльную камісію з патрабаваннем забараніць да паказу запіс тэледэбатаў ад 3 верасня з удзелам Кругліка і правесці паўторны запіс тэледэбатаў па Кальварыйскай акрузе.
Акрамя таго, яна патрабуе пазбавіць рэгістрацыі кандыдата ў дэпутата Юрыя Кругліка за неаднаразовае парушэнне Выбарчага кодэкса, абавязаць яго кампенсаваць затраты Белтэлерадыёкампаніі, а таксама адхіліць ад выканання абавязкаў членаў Кальварыйскай акруговай камісіі за парушэнне арт. 46 Выбарчага кодэкса.
У каментары bchd.info Марына Хоміч адзначыла, што ўсе дэбаты Юрый Круглік фактычна выступаў выключна супраць яе. «Мабыць, ва ўладаў зусім дрэнна з кадрамі, калі яны аднаго і таго ж чалавека пасылаюць і ў якасці кандыдата, і ў якасці даверанай асобы. Мы апавясцілі ўжо пра гэта АБСЕ. Акруговая камісія 104-й акругі, якая з самага пачатку паводзіць сябе па-хамску, зноў прадэманстравала сваю некампетэнтнасць. Калі я ім распавяла аб парушэнні, яны заявілі, што не ведалі, што ён кандыдат, хоць ён ідзе кандыдатам па тым жа раёне», – падкрэсліла яна.
Паглядзець тэлевыступ Марыны Хоміч можна тут: