«Права выбару» пра выбарчую кампанію: зьмены ёсьць, але ў горшы бок
Апазыцыйныя кандыдаты фактычна пазбаўленыя сродкаў для правядзеньня паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў. Пра гэта заяўляюць прадстаўнікі кампаніі назіраньня «Права выбару».
«Мы бачым, што стаўленьне ўладаў да арганізацыі агітацыйнай часткі кампаніі зьмянілася, і зьмянілася ў горшы бок. Раней, падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў, мы бачылі наступны падыход уладаў: давайце ў вас будзе 1–2 месяцы свабоды, агітуйце, а мы сваё возьмем на падліку галасоў. Але падчас гэтай кампаніі абсалютна відавочна ўлада прыняла для сябе новую лінію: нельга дазваляць дэмакратычным кандыдатам уздымацца над гэтай шэрай масай кандыдатаў ад улады, нельга каб гэты нізкі ўзровень падрыхтоўкі людзей, якіх улада вядзе ў парлямэнт, быў яўна бачны. Менавіта таму адбываецца цэнзураваньне», — кажа старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Як адзначае каардынатар кампаніі «Права выбару», адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, падчас агітацыйнай кампаніі былі зафіксаваныя шматлікія факты цэнзуры. Выступы дэмакратычных кандыдатаў на тэлебачаньні, а таксама іх праграмы ў друкаваных СМІ або цэнзураваліся, або наагул здымаліся.
Прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» зьвяртаюць увагу на тое, што зьмены ў Выбарчы кодэкс, якія прадугледжваюць адмову ад дзяржаўнага фінансаваньня агітацыі, нэгатыўна паўплывалі на характар выбарчай кампаніі.
«Кандыдаты ад апазыцыі фактычна пазбаўленыя магчымасьці праводзіць актыўную агітацыю. Узровень страху, які цяпер ёсьць у дзяржаве, не спрыяе таму, каб грамадзяне фінансавалі кампаніі апазыцыйным кандыдатам. Зь іншага боку, кандыдаты ад улады гэтыя грошы маюць, бо выкарыстоўваюць адміністратыўны рэсурс, а таксама маюць падтрымку з боку дзяржаўных арганізацыяў», — кажа Дзяніс Садоўскі.
Зьмены ў Выбарчы кодэкс абумовілі малую колькасьць агітацыйнай прадукцыі і рэклямы кандыдатаў. Тыя ж інфармацыйныя матэрыялы, якія ў агульным парадку друкуюцца ўладамі, фактычна зьведзеныя да публікацыі біяграфічных зьвестак кандыдатаў у дэпутаты, лічаць назіральнікі.
«Гэта сьвядомы крок уладаў, які павінен схаваць тое, што праўладныя кандыдаты абсалютна ня маюць уяўленьня, як павінна разьвівацца краіна, у іх няма ніякіх прапаноў. Калі б кандыдаты мелі дзяржаўныя грошы на выраб уласных агітацыйных матэрыялаў, гэтая розьніца была б бачная, таму што дэмакратычныя кандыдаты надрукавалі б свае прапановы», — лічыць Янукевіч.
У кампанію назіраньня за выбарамі «Права выбару-2016» уваходзяць восем арганізацыяў: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Аб’яднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду», Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасьці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэсу.