Прамоўца БХД правяла сустрэчы ў Хоцімскім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім раёнах (фота)
Прамоўца БХД па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Таццяна Шамбалава і яе давераная асоба Віктар Грэкаў сустрэліся з выбарцамі й наведалі выбарчыя ўчасткі ў Хоцімскім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім раёнах.
У Клімавічах прайшлі 2 пікеты: у скверы па вуліцы Маркса і ў Цэнтральным парку. Мінакам раздавалі ўлёткі, распавядалі пра БХД, запрашалі людзей далучацца да назірання за выбарамі.
Кандыдатка разам з камандай таксама наведала выбарчыя ўчасткі, размясціла агітацыйныя матэрыялы. Два ўчасткі, Паўночны № 7 і Студэнцкі № 8, размешчаныя ў Клімавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, былі зачыненымі, хоць, згодна з графікам працы, размешчаным на ўваходзе, мусілі працаваць. Як патлумачыла вахцёрка, участковыя камісіі не працавалі, бо “ўсе на Дажынках”. Пасля тэлефанавання Таццяны Шамбалавай старшыні камісіі, дырэктару каледжа Валянціне Васіллевай, тая з’явілася на ўчастку літаральна праз тры хвіліны, вярнуўшыся з “Дажынак” разам з сваімі студэнтамі: “Я ж не магу сваіх дзяцей пакінуць”.
У аграгарадку Забялышын выбарцы на прыпынку распавядалі, што мясцовае сяльгаспрадпрыемства прымушае людзей на 82% заробку атаварвацца ў мясцовай краме. Таксама актывісты наведалі аграгарадкі Лобжа (Клімавіцкі раён) і Майскі (Чэрыкаўскі раён), дзе наведалі ўчастак для галасавання, размясцілі агітацыйныя матэрыялы, сустрэліся і пагутарылі з выбарцамі.
У Чэрыкаве прайшоў пікет, раздаваліся ўлёткі, былі размешчаныя агітацыйныя матэрыялы на ўчастках для галасавання.
“Людзі рэагуюць у асноўным станоўча, цікавяцца, з ахвотай бяруць улёткі. Хаця некаторыя махаюць рукой: “Ай! Што нам гэтыя дэпутаты зрабілі добрага?” Госці горада з Расеі з спачувальным выглядам пажадалі: “Поспехаў вам у вашых выбарах””, – паведаміла Таццяна Шамбалава.