Дзяніс Садоўскі: Для ўлады галоўны выклік – колькі людзей прыйдзе на выбарчыя ўчасткі

06 верасня 2016 22:17  |  Палітыка

Дзяніс Садоўскі: Для ўлады галоўны выклік – колькі людзей прыйдзе на выбарчыя ўчасткі

Каардынатар кампаніі назірання “Права выбару-2016”, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі “не гнаць людзей на выбары”.

– З кожнымі выбарамі адсотак людзей, прагаласаваўшых датэрмінова, расце. З кожным годам усё больш моцна для гэтага выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс. Ужо зараз мы фіксуем у Менску і іншых гарадах факты прымусу студэнтаў да датэрміновага галасавання. Пра гэта паведамляюць студэнты БДУ, БНТУ і іншых навучальных устаноў. І гэта толькі пачатак першага дня датэрміновага галасавання. Зараз для ўлады галоўны выклік – гэта не як прагаласуюць выбаршчыкі, а колькі прыйдзе людзей на выбарчыя ўчасткі. Таму асабліва крывадушна выглядае яго выказванне аб тым, што “не трэба заганяць, а трэба папрасіць”. Такімі “просьбамі” і будзе забяспечана яўка ў 35-40%, – гаворыць Дзяніс Садоўскі.

Прымус да датэрміновага галасавання можна кваліфікаваць як парушэнне арт.9.10 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. А калі гэта носіць масавы характар, то гэта крымінальнае злачынства паводле арт.191 КК РБ: перашкода ажыццяўленню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права свабодна абіраць.

Кампанія назірання за выбарамі “Права выбару-2016”

Болей навін