З даверанымі асобамі прамоўцы БХД Алега Аксёнава пагражаюць не працягнуць кантракт
На дзвюх давераных асобаў прамоўцы Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Магілёўскай-Цэнтральнай акрузе № 85 Алега Аксёнава аказваецца ціск па месцы працы з прычыны падтрымкі апазіцыйнага кандыдата.
Яны працуюць настаўніцамі ў школе, і з імі пагражаюць не працягнуць кантракт. Але ад падтрымкі Алега Аксёнава жанчыны не адмовіліся і збіраюцца змагацца да канца.
Алег Аксёнаў таксама распавёў, што 5 верасня ў магілёўскай школе № 33 на яго акрузе прайшлі дэбаты з удзелам зарэгістраваных кандыдатаў. Апроч яго, удзел у іх узялі прадстаўнікі ПБНФ, БСДП(Г) і прадстаўнік незалежнага кандыдата, але два праўладныя вылучэнцы не з’явіліся і не прыслалі давераных асобаў, хоць і абяцалі прыйсці.
“Калі б галоўурач цэнтральнай паліклінікі Старавойтаў прыйшоў, то без боек бы не абышлося, бо прыйшла жанчына, сын якой загінуў ад безалабернасці ўрачоў. Яна прынесла восем кілаграмаў перапіскі”, – адзначыў прамоўца БХД.
Ён таксама паведаміў, што аб яго падтрымцы заявілі прадстаўнікі суполкі афіцэраў.