Яўка істотна завышаецца, спісы выбаршчыкаў скарачаюцца
У другі дзень датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь кампанія “Права выбару-2016” здзяйсняла назіранне на 10 выбарчых акругах.
Учора, 7 верасня, 764 назіральнікі прыступілі да сваёй працы на ўсіх 382 выбарчых участках. Яшчэ 100 назіральнікаў дадаткова прыступілі да назірання на акругах у Слоніме, Баранавічах і Мінску.
Усяго 7 верасня 2016 года назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2016” было пададзена 53 скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства (у Брэсце – 4, у Віцебску – 2, у Гомелі – 4, у Гродна – 6, у Магілёве – 8, у Мінскай вобласці – 1, у Мінску – 28). Агульная колькасць пададзеных скаргаў назіральнікамі за два дні назірання за датэрміновым галасаваннем склала лічбу 94.
Па ранейшаму застаецца праблемай неналежнае захоўванне скрыняў для галасавання ў абедзенны і начны час. На вялікай колькасці ўчасткаў старшыні выбарчых камісій адмаўляюцца апячатваць памяшканні, дзе захоўваюцца скрыні для галасавання, што дае магчымасці для фальсіфікацыі вынікаў выбараў.
Незалежныя назіральнікі таксама зафіксавалі прымусовае галасаванне на шэрагу выбарчых участках, дзе знаходзяцца навучальныя ўстановы, а таксама інтэрнаты. Напрыклад на выбарчым участку №568 Усходняй выбарчай акругі №107 назіральнікі зафіксавалі настаўнікаў і пенсіянераў, якіх на выбарчы ўчастак праз тэлефанаванне запрасіла старшыня выбарчай камісіі.
Па дадзеных назіральнікаў, яўка за першыя два дні датэрміновага назірання на выбарчых участках, дзе ажыццяўляецца назіранне, у большасці выпадкаў была завышаная ў параўнанні з афіцыйнымі дадзенымі.
Найбольшыя яўкі выбаршчыкаў за два дні датэрміновага галасавання па дадзеных назіральнікаў былі зафіксаваны на наступных выбарчых участках:
№637 Каліноўскай выбарчай акругі №108 – 42,3% (па дадзеных камісіі – 63%);
№42 Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №85 – 39,9% (па дадзеных камісіі – 41,7%);
№193 Чкалаўскай выбарчай акругі №96 – 37,9% (па дадзеных камісіі – 64,8%).
Найменьшая яўка выбаршчыкаў была зафіксаваная на выбарчым участку №629 Каліноўскай выбарчай акругі №108 і склала 0,7% (па дазеных камісіі – 7,1%).
Назіральнікі “Права выбару-2016” паведамляюць, што пачаліся маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкаў. Так, на 879 чалавек зменшылася колькасць выбаршчыкаў на выбарчым участку №422 Дамброўскай выбарчай акругі №103.
Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2016” Дзяніс Садоўскі лічыць, што другі дзень датэрміновага галасавання прадоўжыў тэндэнцыю папярэдніх выбараў, калі з кожным днём яўка выбаршчыкаў імкліва павялічваецца.
– Агульная сітуацыя на 10 выбарчых акругах такая, што кіраўнікі выбарчых камісій спрабуюць завысіць яўку выбаршчыкаў. Лічбы па яўцы нашых назіральнікаў і лічбы, якія даюць камісіі істотна разыходзяцца. Гэта сведчыць пра тое, што выбары не сталі цікавымі для грамадзян і яны не так імкліва ідуць на выбарчыя ўчасткі, як гэта было ў прэзідэнцкую выбарчую кампанію. Акрамя таго, агульная колькасць скаргаў, якую падалі нашыя назіральнікі сведчыць пра тое, што выбары не сталі больш адкрытымі і свабоднымі, – гаворыць Дзяніс Садоўскі.
У кампанію назірання за выбарамі “Права выбару-2016” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.