Рэкардсменамі па завышэнні яўкі сталі мінскія і магілёўскія ўчасткі
У трэці дзень датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь кампанія “Права выбару-2016” здзяйсняла назіранне на 10 выбарчых акругах.
Учора, 8 верасня, 764 назіральнікі прыступілі да сваёй працы на ўсіх 382 выбарчых участках. 116 назіральнікаў дадаткова прыступілі да назірання на акругах у Слоніме, Баранавічах і Мінску. Гэтыя акругі закрываюцца часткова.
Усяго 8 верасня 2016 года назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2016” было пададзена 101 скарга на парушэнне выбарчага заканадаўства (у Брэсце – 4, у Віцебску – 5, у Гомелі – 3, у Гродна – 8, у Магілёве – 14, у Мінскай вобласці – 4, у Мінску – 63). Агульная колькасць пададзеных скаргаў назіральнікамі за тры дні назірання за датэрміновым галасаваннем склала лічбу 195.
Па ранейшаму застаецца праблемай неналежнае захоўванне скрыняў для галасавання ў абедзенны і начны час. На вялікай колькасці ўчасткаў старшыні выбарчых камісій адмаўляюцца апячатваць памяшканні, дзе захоўваюцца скрыні для галасавання, што дае магчымасці для фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Таксама пацвярджаюцца факты датэрміновага галасавання пад прымусам на шэрагу выбарчых участкаў.
Па дадзеных назіральнікаў, яўка за першыя тры дні датэрміновага назірання на выбарчых участках, дзе ажыццяўляецца назіранне, у большасці выпадкаў была завышаная ў параўнанні з афіцыйнымі дадзенымі.
У Магілёве на выбарчым участку №38 Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акругі №85 назіральнікі зафіксавалі, што на трэці дзень датэрміновага галасавання на выбарчы ўчастак прайшло ўсяго 46 чалавек, аднак у выніковым пратаколе ў канцы трэцяга дня з’явілася лічба ў 263 чалавекі, што сведчыць пра завышэнне яўкі больш чым у 5 разоў.
Назіральнікі “Права выбару-2016” паведамляюць, што працягваюцца маніпуляцыі са спісамі выбаршчыкаў. Так, на выбарчым участку №71 Віцебскай-Чкалаўскай выбарчай акругі №18 спіс выбаршчыкаў у параўнанні з першапачатковым знізіўся на 191 чалавека.
Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2016” Алесь Сілкоў лічыць, што трэці дзень датэрміновага галасавання канчаткова развеяў спадзяванні на тое, што выбары ў краіне будуць адбывацца ў адпаведнасці з законам, адкрыта і свабодна.
– З года ў год – адзін сцэнар. Можна публічна казаць, што Цэнтрвыбаркам робіць усё для адкрытасці і ўдасканальвання арганізацыі выбараў, аднак на справе ўсё адбываецца інакш. Інфармацыю нашым назіральнікам не даюць, іх выганяюць з участкаў, яўка завышаная – усё гэта сведчанне таго, што без фундаментальных зменаў у працэсе арганізацыі выбараў і без змены кіраўнікоў Цэнтрвыбаркама свабодныя і справядлівыя выбары ў Беларусі арганізаваць немагчыма, – гаворыць Алесь Сілкоў.
У кампанію назірання за выбарамі “Права выбару-2016” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская , “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.