Дэбаты Марыны Хоміч з кандыдатам з іншай акругі ўсё-такі выйшлі ў эфір (відэа)
Дэбаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе, запісаныя з удзелам кандыдата з іншай акругі Юры Круглік, усё-такі выйшлі ў эфір. Зроблена гэта нягледзячы на дапушчанае парушэнне выбарчага заканадаўства і насуперак патрабаванню прамоўцы БХД па Кальварыйскай акрузе, лідара Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марыны Хоміч перазапісаць дэбаты.
Пры гэтым на відэа дэбатаў бачна, што вядучы не дазволіў лідару МХД выкарыстаць увесь яе час, спыніўшы яе на словах “вернем сабе наша канстытуцыйнае права абіраць сабе ўладу”. У выніку ў Марыны Хоміч засталіся невыкарыстанымі 37 секунд эфірнага часу.
Прамоўца БХД адзначыла ў каментары bchd.info, што падчас запісу вельмі дрэнна бачыла адведзены ёй час і пра нескарыстаныя 37 секунд даведалася толькі пасля паказу дэбатаў. Пры гэтым Марына Хоміч мяркуе, што яе выступ перарвалі менавіта з-за яе словаў пра права абіраць уладу.
“Дэбаты былі паказаныя неправамоцна, бо ў іх удзельнічаў чалавек, які не меў на гэта права. Відавочна, што дэбаты пусцілі ў эфір невыпадкова. Круглік быў падасланы наўмысна, каб дыскрэдытаваць мяне. Яго мэтай было адабраць у мяне больш часу і закідваць мяне правакацыйнымі пытаннямі”, – адзначыла яна, падкрэсліўшы неадэкватнасць, супрацьзаконнасць і некампетэнтнасць дзеянняў чальцоў Кальварыйскай акруговай камісіі.