Вынікі чацвёртага дня датэрміновага галасавання: разыходжанне звестак назіральнікаў са звесткамі камісій у Мінску на 5 акругах склала 33,5%
У чацвёрты дзень датэрміновага галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь кампанія “Права выбару-2016” здзяйсняла назіранне на 10 выбарчых акругах.
Учора, 9 верасня, 764 назіральнікі прыступілі да сваёй працы на ўсіх 382 выбарчых участках. У гэты дзень назіральнікамі кампаніі “Права выбару-2016” было пададзена 43 скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства (у Брэсце – 3, у Віцебску – 0, у Гродна – 3, у Магілёве – 8, у Мінскай вобласці – 3, у Мінску – 26).
Па-ранейшаму застаецца праблемай неналежнае захоўванне скрыняў для галасавання ў абедзенны і начны час. На вялікай колькасці ўчасткаў старшыні выбарчых камісій адмаўляюцца апячатваць памяшканні, дзе захоўваюцца скрыні для галасавання, што дае магчымасці для фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Таксама пацвярджаюцца факты датэрміновага галасавання пад прымусам на шэрагу выбарчых участкаў.
Па дадзеных назіральнікаў на ўчастках, дзе здзяйсняецца незалежнае назіранне, яўка за першыя чатыры дні датэрміновага галасавання істотна разыходзілася і была ніжэйшая за афіцыйныя дадзеныя.
Агульнае разыходжанне па дзевяці выбарчых акругах, дзе назіральнікі кампаніі “Права выбару-2016” здолелі атрымаць афіцыйныя звесткі, склала 26 099 чалавек.
Найбольшыя разыходжанні ў яўцы выбаршчыкаў за чатыры дні датэрміновага галасавання паміж звесткамі назіральнікаў і камісій былі зафіксаваныя на наступных выбарчых участках:
№176 Чкалаўская выбарчая акруга №96 – розніца ў яўцы склала 838 чалавек. Па звестках назіральнікаў там за чатыры дні прагаласавала 809 чалавек, па звестках камісіі – 1 647.
№637 Каліноўская выбарчая акруга №108 – розніца ў яўцы па звестках назіральнікаў склала 472 чалавекі. Па звестках назіральнікаў там за чатыры дні прагаласавала 987 чалавек, па звестках камісіі – 1459.
№38 Магілёўская-Цэнтральная выбарчая акруга №85 – розніца ў яўцы па звестках назіральнікаў склала 402 чалавекі. Па звестках назіральнікаў там за тры дні прагаласавала 169 чалавекі, па звестках камісіі – 571.
На раніцу 10 верасня стала вядома, што за чатыры дні датэрміновага галасавання акрэдытацыі былі пазбаўлены 15 назіральнікаў “Права выбару-2016”. Ва ўсіх выпадках назіральнікі былі пазбаўлены акрэдытацыі безпадстаўна і па ініцыятыве старшынь участковых выбарчых камісій альбо пасля скаргаў праўладных назіральнікаў. Зафіксаваны выпадкі правакацый з боку праўладных назіральнікаў, якія пасля пазбаўлення акрэдытацыі назіральнікаў “Права выбару-2016” знікалі з выбарчых участкаў.
Адзін з каардынатараў кампаніі назірання “Права выбару-2016”, адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі лічыць, што чацвёрты дзень датэрміновага галасавання таксама зафіксаваў безліч парушэнняў выбарчага заканадаўства.
– На тых участках, дзе размешчаны інтэрнаты, выбары фактычна ўжо адбыліся. Пра гэта сведчаць звесткі нашых назіральнікаў. Натуральна, што такія паказчыкі яўкі былі дасягнуты дзякуючы працы камендантаў інтэрнатаў і наступстваў, якімі яны пагражалі ў выпадку таго, калі грамадзяне не прыйдуць прагаласаваць датэрмінова. Нашы назіральнікі ўсё фіксуюць і адразу падаюць адпаведныя скаргі членам участковых выбарчых камісій. Ёсць шматлікія выпадкі, калі нашых назіральнікаў пазбаўлялі акрэдытацыі. Гэта сведчыць пра тое, што ў членаў выбарчых камісій здаюць нервы і назіральнікі ім замінаюць “забяспечыць” патрэбныя лічбы на ўчастках, – гаворыць Дзяніс Садоўскі.
У кампанію назірання за выбарамі “Права выбару-2016” уваходзяць восем арганізацый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, Аб’яднаная Грамадзянская партыя, “Рух “За Свабоду!”, Партыя БНФ, Беларуская партыя “Зялёныя”, незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці, аргкамітэт Партыі Свабоды і прагрэса.
Галоўнай мэтай кампаніі з’яўляецца абарона сапраўднага волевыяўлення грамадзянаў праз прадухіленне парушэнняў заканадаўства на ўсіх стадыях выбарчай кампаніі, фіксацыю парушэнняў і аператыўнае рэагаваньне на іх.