У Маладзечне прайшлі пікеты за якасную медыцыну і ў падтрымку БХД (фота)
6-7 верасня ў Маладзечне адбыліся два правацэнтрысцкія пікеты за якаснае лячэнне і новае абсталяванне медыцынскіх устаноў. “У Маладзечне не хапае кваліфікаваных медыцынскіх кадраў. Асабліва адчуваецца востры недахоп адмыслоўцаў у вузкіх галінах медыцыны. Патрапіць на прыём да патрэбнага доктара амаль немагчыма, людзі гадзінамі чакаюць у чэргах, і нават атрыманы талон на прыём не гарантуе, што прыём адбудзецца”, – адзначыў каардынатар БХД у Маладзечне Раман Ганчароў.
Ён нагадаў, што БХД прапануе стварыць пазабюджэтны дзяржаўны медыцынскі фонд на сродкі з акцызаў ад продажы алкаголю, тытунёвых вырабаў, падаткаў на гульнявы бізнэс і штрафаў за экалагічныя парушэнні. За гэты кошт плануецца набываць новае медычнае абсталяванне, праводзіць рамонт і мадэрнізацыю медустаноў.
Таксама ў горадзе прайшоў правацэнтрысцкі пікет ў патрымку Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Людзей заклікалі далучацца да БХД, распавядалі пра праекты рэформ, падрыхтаваныя БХД у эканоміцы, сферах ЖКГ, аховы здароўя, пенсійнай сістэме і адукацыі.
“Людзі добра рэагуюць, цікавяцца, падыходзяць, дзякуюць, бяруць улёткі. Выбараў няма, але альтэрнатыва ёсць”, – падкрэсліў Раман Ганчароў.