У Салігорску лічба выбаршчыкаў скарацілася за час галасавання на 281 чалавека
Не верыцца, што ў 21 стагоддзі ў Еўропе такое можа адбывацца. Так пракаментаваў беларускія “выбары” салігорскі актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Уладзімір Шыла, які быў назіральнікам на выбарчым участку № 24 па выбарчай акрузе № 68.
“Аўтар выслоўя “не важна як галасуюць- важна як лічаць” даўно пахаваны, але яго прывід сярод нас. Таму “выбары” па-лукашэнкаўску і па сталінску не адрозніваюцца па сутнасці. Гэта імітацыя. Глядзіш на выбарцаў, якія думаюць, што іх голас сапраўды нешта значыць, і ловіш сябе на думцы, што ты ў Матрыцы”, – адзначыў ён.
Паводле яго, на ўчастку ён упершыню сутыкнуўся з тым, што сябры камісіі нават не хавалі свайго цынізму. Старшынёй камісіі быў дырэктар 1-га рудаўпраўлення ААТ “Беларуськалій” Аляксандр Гарбачоў, членамі камісіі – яго непасрэдныя падначаленыя.
Уладзімір Шыла заяўляе, што на яго ўчастку выбары не адбыліся, а яўка склала 36%. Пры гэтым ён адзначае, што напачатку ў спіс было выбаршчыкаў было ўнесена 2276 выбарцаў. Але ў выніковым пратаколе засталося толькі 1995 чалавек. Куды падзеўся 281 чалавек – невядома. Прынялі ўдзел у галасаванні, кажа назіральнік, датэрмінова 346 чалавек, у асноўны дзень – 456 (па падліках камісіі – 926), 14 – на даму.
14 верасня актывіст падаў скаргу ў пракуратуру ў сувязі з фальсіфікацыяй выбараў. У ёй ён патрабуе звярнуць увагу на склад камісіі, чальцы якой былі падначаленыя свайму непасрэднаму кіраўніку па працы. Патрабуе паведаміць, на падставе якіх дакументаў са спіса выбаршчыкаў быў выдалены 281 чалавек, і даць магчымасць атрымаць гэты спіс для самастойнай праверкі.
Назіральнік заўважае, што 11 верасня 926 чалавек, якія заяўленыя камісіяй як прагаласаваўшыя, на участак не заходзілі. Ён патрабуе праверыць запіс камер відэаназірання, якія ўсталяваныя на будынку, дзе праходзіла галасаванне, за 11 верасня. Таксама актывіст просіць праверыць спісы грамадзян, якія прынялі удзел у галасаванні, з правядзеннем графалагічнай экспертызы, якая б выключыла подпісы сяброў камісіі.
Апроч таго, Уладзімір Шыла заяўляе, што падчас падліку галасоў не былі выкананыя рэкамендацыі ЦВК Беларусі, парушаны артыкул 14 Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабодаў у дзяржавах-удзельніцах СНД.
“Я выдатна ведаю, які адказ будзе на маю скаргу: “Па выніках праверкі парушэнняў не знойдзена”. І наогул “выбары” адбыліся – адвянь. Спадар Лукашэнка неаднаразова прызнаваўся у любві да ўсяго савецкага. І таму лагічна ,што сённяшнія “выбары” па сутнасці не адрозніваюцца ад сталінскіх. Галоўнае хто і як лічыць”, – падкрэсліў актывіст БХД.